epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Я выдаў кніжку

Я выдаў кніжку пра бацькоўскі лёс,

Так і назваў яе — «Люстэрка лёсу».

Я выдаў кніжку — лёс наш ператрос,

Як кажуць, ад зямлі і да нябёсаў.

 

Я выдаў кніжку пра бацькоў, калі

Не стала іх раптоўна — пасля смерці.

І хоць я ёсць пакуль што на зямлі,

Пасля выдання — згодзен быў памерці.

 

Здавалася — сказаў усё, што мог,

Дзе словы браць для новых твораў? Кропка!

Ды той, хто падарыў мне талент — Бог,

Дапамагаў грунтоўна, нетаропка.

 

За словам слова раскрываў душу

Натхнёна, фанатычна і запальна.

Бягуць гады, як дні, а я пішу —

Запаснік слоў душы — невычарпальны.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.