epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Я з імі зжыўся

Шчыруюць летам птушачкі-пяюхі,

Ліюцца промні сонца на зямлю.

О лета!

Што мне камары ды мухі!

Я лецейка такім, як ёсць люблю.

 

Люблю я чэрвень —

да цяпла імклівасць.

Люблю я ліпень!

Ліпень — лета пік.

Люблю я жнівень за яго руплівасць —

Я з імі зжыўся,

я да іх прывык.

 

Я кожнага у думках абдымаю,

Іду да іх без аніякіх віз.

Заўжды ад іх з удзячнасцю прымаю

Дажджы, спякоту —

кожны іх капрыз.

 

На сконе лета —

і мае прывычкі

З жаданнямі спяваюць ва ўнісон.

Я ў лес бягу,

бо першыя лісічкі

Спрабуюць распачаць грыбны сезон.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.