epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Я з вамі, землякі!

Мы з вамі — плынь адной ракі,

Зямлі адной усходы,

Мой край Лагойскі, землякі,

Я з вамі назаўсёды.

 

Тут першы раз пасля вайны

Пабег у школку босы.

Тут стужка першай баразны

І першыя пракосы.

 

Тут першы горкай солі пуд

Сышоў з гарачым потам.

Надзеі, мэты, мары тут

Спяліў, каб здзейсніць потым.

 

Збылося штосьці, штосьці не,

Свой лёс судзіць не будзем,

Галоўнае: не брыдка мне

Глядзець у вочы людзям.

 

У вашы вочы, землякі,

Дзе шчырасць і спагада.

Мы з вамі — плынь адной ракі.

Імчыць якая праз вякі

За далеч далягляда.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.