epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Я жонцы здрадзiў

Я жонцы здрадзiў — i не раз...

Не! Не адну яе кахаю!

Я ў Мiнску з ёй апошнi час,

А па Карпiлаўцы ўздыхаю.

 

Пакляўся я кахаць адну,

А клятву шмат разоў парушыў,

Бо закаханы i ў вясну

На ўсё жыцце сваё — па вушы.

Не хопiць пальцаў — сколькi ёсць

У сэрца палкага «каханак»:

Гэта — i лета прыгажосць,

I спеў птушыных калыханак.

 

I восеньскi мой родны кут,

I далягляд, зiмой прыбраны...

Я ў родны край — у гэты цуд,

Даўно, з маленства закаханы.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.