epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Яблычны Cпас

Жылі сабе дзед і баба, распачаўшы дзевяты дзесятак гадоў. Жылі ў згодзе і радасці, бо толькі неразумны чалавек можа жыць не радуючыся кожнаму новаму дню, падараванаму Богам.

З усёй гаспадаркі ў іх засталася адна толькі яблыня, гэткая ж старая, як і гаспадары. Адквітнела сваё яблыня, адпладзіла і дажывала век ціха і ўдзячна. Але ў гэтым годзе дрэва расшчодрылася і прынесла старым вялікую ўцеху — аж сем яблыкаў. Узрадаваліся дзед і баба — будзе з чым сустрэць Яблычны Спас ды разгавецца на свята. Падыходзілі старыя штодня да яблыні і пяшчотна гладзілі яе па шурпатай кары — дзячылі.

Але аднаго дня дзед спужаўся сам і напалохаў старую:

— Хтосьці крадзе нашы яблыкі! Было сем, засталося толькі пяць... Трэба пільнаваць ноччу яблыню ад злодзеяў, бо праз два дні Спас — барані Бог, застанемся ні з чым.

Вечарам узяў дзед кажух падаслаць, зарадзіў сваю стрэльбу-шомпалку і залёг пад дрэвам. Стрэльба была старэнькая, курок, калі націснеш на яго, пырскаў убок, і яго даводзілася шукаць, таму дзед начапіў курок на нітку. У дадатак да гэтага збілася мушка і, каб патрапіць у штосьці, трэба было цэліцца на два метры лявей. Але стрэльба — гэта зброя, і дзед пры ёй адчуваў сябе больш мужна.

Ляжыць дзед ноччу пад яблыняй, натапырвае вушы — пільнуе. Але пад раніцу адолеў дзеда сон — ды які сон! Прысніўся старому шыкоўны стол з рознымі напоямі ды закуссю. Куляў дзед кілішак за кілішкам, еў ад пуза. Зноў куляў і зноў закусваў! І ўсё было смачнае, і ўсё спрыяла здароўю!

Прачнуўся дзед, як кажуць, з дзесятымі пеўнямі і аблізнуўся: ну, хоць жа ў сне дазволіў сабе тое, што ў жыцці забаронена!

Устаў дзед, абтросся, зірк наверх — і здрыгануўся: з пяці — засталіся толькі два яблычкі.

— Праспаў, разява! — застагнаў дзед і пасунуўся ў хату.

Пасварылася баба на дзеда, павойкала і сказала:

— Гэту ноч пільнаваць буду я, бо адступаць няма куды — заўтра Яблычны Спас!

Дзед вечарам праводзіць бабе інструктаж:

— Калі курок пстрыкне ў траву, цягні яго за нітку, як вуду з вады, і ўпраўляй у гэты разрэзік. Мушка хлусіць аж на два метры, таму — бяры лявей ад злодзея!

— Не бойся,— пераймае баба з дзедавых рук шомпалку,— дам рады зладзейству!

І старая залягла пад яблыняй, выткнуўшы для надзейнасці з-пад хусткі вуха. Мужна змагалася баба з дрымотай, зікраціла вочы што было сілы, ажно кругі свяціліся і карагодзілі на ўсё неба. І да таго раптам стала светла, што баба прыкрыла вочы даланёй, каб не аслепнуць. Глядзіць, ажно гэта падлятае да яблыні дзівосны срэбракрылы птах. Сеў ён на яблыню і пачаў дзёўбаць астатнія два яблычкі.

— Ах ты, курыца аблезлая,— шэпча баба,— зараз ты свайго пер’я не пазбіраеш! — І бярэ цудоўнага птаха на збітую мушку. Толькі хацела націснуць на курок, ажно птах ударыўся грудзьмі аб зямлю і абярнуўся ў прыгожага юнака.

— Не страляй мяне, краса-маладзіца! — узмаліўся прыгажун.— Дай лепей я цябе пацалую!

Зняла баба палец з курка і апусціла шомпалку:

— Цалуй! Колькі ўлезе цалуй!..

Дзед прачнуўся раніцай і пайшоў шукаць вартаўніцу. Падышоў ён да яблыні і бачыць: старая адкінула стрэльбу, распласталася на кажуху і шэпча скрозь сон:

— Цалуй! Колькі ўлезе цалуй!..

— Э-э, падаліца гнілая! — Дзед штурхануў бабу.— Мохам парасла, як балотная купіна, а пацалункі сніць! Цьфу!

Баба ўскочыла, як маладая:

— Я не спала! Я толькі вочы прыплюснула! Дальбожачка!

— Не спала?! — І дзед паказаў на пустое голле яблыні.— А яблычкі дзе?

Апусціла баба вочы:

— Надта ж салодкі сон падкаціўся...

Паснедаўшы, старыя зноў вярнуліся пад яблыню павіншаваць яе з Яблычным Спасам і падзячыць за мінулыя добрыя ўраджаі. Толькі ступілі пад дрэва, як дзед ускрыкнуў: — Ой! — і схапіўся за лысіну. З дрэва зваліўся яму на галаву спелы, ружовабокі яблык. Зірнулі старыя ўверх, а там вісяць і астатнія шэсць. Адхінуў ветрык лісце і адкрыў вачам спелыя плады.

— Як і куды мы глядзелі, вароны? — дзівіліся старыя.— Ай ды яблынька! Павіншавала нас са святам у самую пару!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.