epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Яд і вакцына

Грахі, як на душы мазоль,

Не церанешся — не заўважыш.

А церанешся — гэты боль

Знішчае свет, пудамі важыш.

 

І грэх, здаецца,— мізер, смех,

Драбней нябачнае бацылы,

А над душой трымае верх,

Як кропля камень, точыць крылы.

 

І што дзівоснае — грашым,

Смяшым, а смех уняўшы, плачам.

Віват! — «бязгрэшнасцям» чужым,

І зноў па-свойму — не іначай.

 

Без чадаў гарадскіх наўрад

Свой водар нам азон расчыне,

А, па-другое, каб не яд,

Вакцыны б не было ў паміне.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.