epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Як бы...

Суддзя

Перапытаў у пацярпелай:

— Скажыце нам,

у чым яго віна?

Ўсё падрабязна

выкладзіце смела.—

І праз хвіліну

«выклала» яна:

 

— Ўсё, як бы,

адбывалася ў суботу,

Спяваў салоўка,

дзіўны вечар быў.

Мы, як бы,

цалаваліся ў ахвоту,

Затым мяне ён,

як бы, спакусіў.

 

— І што далей? —

суддзя удакладняе,—

Тлумачце,

Па магчымасці, ясней,

— Вы ж бачыце,

мех шыла не схавае,

Я, як бы,

зацяжарыла пазней.

 

А ён цяпер,

як бы спакусік гэты,

Хвастом віхляе —

як бы, я ні я.

Няхай жа суд

раскрые ўсе сакрэты:

Яго віна тут?

Ці віна мая?

 

На вашым месцы,

суд высокі, я бы

Не шкадавала

крымінальных спраў.

Суддзя сказаў:

— Паколькі ўсё ў вас «як бы»,

Дык я яго ўжо,

як бы пакараў.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.