epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Як цяжка...

Як цяжка расставацца назаўжды

З тым, што было —

аднойчы й непаўторна.

Я быў толькі «аднойчы» малады,

А ў слове «быў» —

мінуласць, ілюзорнасць.

 

Як цяжка расставацца назаўжды

З тым, што ніколі

не было й не будзе,

Але ў душы пакінулі сляды —

Няздзейсненыя мары,

як бязлюддзе.

 

Нам усвядоміць цяжка —

жыў аднойчы,

Аднойчы —

непаўторна назаўжды...

«Жыву» і «жыў» — люстэрка,

вочы ў вочы,

Разбіць яго б —

ды гэта да бяды.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.