epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Як далей мне жыць?

Ох, не мёд, скажу вам шчыра,

Долечка мая.

Я адзін, а вас чатыры —

Разгубіўся я.

Вы, як зоркі-чараўнічкі,

Нібы краскі, як сунічкі,

Я адзін, а вас чатыры —

Разгубіўся я.

 

Колькі раз рабіў я спробы

Больш не варажыць.

Вы усе мне даспадобы —

Як далей мне жыць?

Ты — святлянка,

Ты — чарнушка,

Ты — з касой,

Ты — з завітушкай!

Вы усе мне даспадобы —

Як далей мне жыць?

 

Я сталею нежанаты —

Так жыццё міне.

Можа б лепей вы, дзяўчаты,

Выбралі мяне.

Я — прыгожы,

Я — харошы,

Поўныя кішэні грошай —

Можа б лепей вы, дзяўчаты,

Выбралі мяне.

 

У адказ — яны ні слова,

П’ю адчай да дна.

Хто ж яна, мая палова,

З чатырох адна.

Падкажы мне, Божа шчыры

Мне не трэба ўсе чатыры,

Хто ж яна, мая палова,

З чатырох адна?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.