epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Як і астатні свет

Пасля сямнаццатага года,

Які быў сто гадоў таму,

Нялёгкі лёс быў у народа —

Як нам не спачуваць яму?

 

Не будзем варушыць гісторыю,

Мы сведкі перамог і бед.

Мы іншымі ўжо катэгорыямі

Жывём, як і астатні свет.

 

Малыя пенсіі? Пабольшаюць!

Заробак нізкі? Падрасце!

Дзялкі і цэны аблапошваюць?

Не доўга быць ім на куце.

 

Жыццё па-іншаму ацэнена,

І грошы нам — не камандзір.

Жывём стабільна і упэўнена,

Над намі і спакой, і мір.

 

І раптам выбухнулі медыя,

Нібы агнём Гарыныч Змей:

Нацыянальная трагедыя —

Мы прайгралі у хакей!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.