epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Як мала трэба...

Я зімкай буду бачыць сны

Пра кут, дзе Бог даў нарадзіцца.

Эх сны... Дажыць бы да вясны,

Ступіць на родную зямліцу.

 

Нямогласць адхінуць у бок,

Душой амаладзіцца зноўку,

Абняць пасля зімы садок,

Вітаць сякеру і рыдлёўку.

 

Як мала трэба для таго,

Каб творцам быць шчаслівай долі:

Ніколі ад гнязда свайго

Не адлятаць ужо ніколі.

 

А колькі ж іх, у зімкі дзён?

У сэрцы блытаюцца лічбы —

Іх дзевяноста... як мільён...

Я буду крэсліць іх —

Дажыць бы...

Карпілаўка

26 лістапада 2020 г.

ад’езд у Мінск



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 14. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2021. - 376 с.