epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Як спаць?

Жыццё — нашых спраў

І учынкаў стасунак.

Нас вучаць, што сон —

Гэта Бога дарунак,

Што ночы для нас —

Жыватворныя лекі.

А лекі павінны прымаць

Толькі ўмекі.

Дык вось, каб выконваць

«Умекавасць» гэту,

Мы спаць можам толькі,

Не йнакш — па рэцэпту.

І так — спаць на правым баку —

Небяспечна.

Прыціснуцца лёгкія —

Спаць будзем вечна.

На левым баку

Будзем спаць —

Хуткі фініш,

Бо сэрца прыціснем —

І лапці адкінем.

А спаць на спіне будзем —

Ныркам хана...

Такая яна

Для здароўя цана.

А на жываце спаць,

(Адкрыю сакрэт) —

Дыхалка ў падушку —

Бывай белы свет.

Спаць седзячы —

Зноў небяспека, браткі,

Бо скрывяцца нашы

За ноч пазванкі,

Дый копчык адчуе

Знявагу у сне —

На працы — на мне,

Яшчэ й ноччу на мне.

А стоячы спаць —

Гэта поўны экстрым,

І тут забароны

Малым і старым

А на галаве

Могуць спаць толькі ёгі.

Дый зваліцца коўдра,

Раскрыюцца ногі.

А што, каб увогуле

Сну адцурацца —

І ноччу для кожнага

Знойдзецца праца.

Вытворчасць павысіцца,

З ёй і зарплата.

Праз год ці праз два

Зажывем больш багата

Адна небяспека —

Каб я альбо ты

Не збеглі ад жонак,

Як тыя каты,

Ці жонкі,

Што так аддаваліся сну,

Ад нас не галопілі

«На старану».

Якая калісьці

Была благадаць!

А сёння пакутуеш —

Спаць ці не спаць?

Напасці —

На беднага ўсё чалавека:

Яда — небяспека,

І сон — небяспека.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.