epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Як жыць?

Жыць трэба сур’ёзна —

Ні ух ты!

Ні ах ты!

Жывіце талкова,

Не з бухты-барахты,

Каб кожны ваш крок

Вам не вылез праз бок.

 

*

 

Паколькі пра крокі

Размову вяду,

Нялішне нам

Паразважаць пра хаду.

Не трэба хадой захапляцца,

Хто жвавы,

Бо храшчыкі хутка сатруцца

Й суставы.

Не лезьце ў аўтобус,

Не лезьце ў трамвай,

Там дыхаюць грыпам,

Мікробаў праз край.

Не лезьце ў таксі,

Бо таксіст аблапошыць —

Навошта ж на вецер

Выкідваць вам грошы.

Вязе вас міліцыя?

Гэта выдатна!

Вязуць вас яны

Не за грошы —

Бясплатна.

Калі ўжо кагосьці

Сустрэне турма —

І там — за бясплатна,

І там — задарма.

Жыццё прысвяціце

Радзіме і працы,

Сям’я пачакае —

Нашто хвалявацца?

Ды вось што,

Для ўласнага гонару-чэсці

З сяброўствам сваім

Да начальства не лезьце

Там іншае п’ецца,

Там іншае есца —

Жывіце па прымаўцы:

Знай сваё месца!

У госці хадзіце

Ў год раз, не часцей,

Бо прыйдзецца й вам

Адпрасіць тых людзей.

А дома прымаць іх —

Далёка не свята,

Крыўляйся прад імі,

Кармі іх —

Растрата.

І зноў жа,

Нялішнія грошы у вас...

Не, лепш не хадзіць

Ў госці ў год нават раз.

Наплюйце на цырк,

На тэатры, кіно.

Жыццё — гэта цырк

Кожны дзень —

І даўно.

Жыццё — і тэатр,

Дэкарацый тут горы,

А мы, як вядома,—

Акцёры,

Акцёры.

Начхайце на брудны

Падман-рэстаран.

Жыццё — гэта праца

І тэлеэкран.

 

*

 

Забыўся сказаць —

Не карайце ўжо строга:

— Царкву не мінайце,

Наведвайце Бога!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.