epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Якое дасягненне!

Мабільны тэлефон —

якое дасягненне!

Націснуў кнопачку —

і вось ён, у імгненне

Жаданы абанент,

а з ім і ўсе навіны,

Хоць са сваёй,

хоць з іншае краіны.

 

У транспарт гарадскі

прашу хоць вокам глянуць

Там ад размоў мабільных

не толькі вушы вянуць.

Чуваць з усіх бакоў

такія тары-бары —

Ні ў п’янцы не пачуць,

Ні на базары.

 

— Сынок, ты ж там паеш,

купіла я прысмакі —

Крычыць ля носу

нейкая кабета,

— Я еду у цырульню,

ты ж выгуляй сабаку,

А то яшчэ нагадзіць

псіна гэта.

 

— Ты дзе ўсю ноч бадзяўся

валацужына пракляты? —

Ў патыліцу крычыць

Мне незнаёмка.

А хлопец каля вуха

зарагатаў прыўзнята:

— Ха-ха! Пазнала!

Прывітанне, Томка!

 

— Іван Пятровіч! Што вы?

Не пісаў я ананімку! —

Клянецца хтосьці, —

Не сыйсці мне з месца!

— Машыну? Прадаю!

Убачымся на рынку. —

Дзярэ галасавыя звязкі нехта.

 

І кожны пасажыр

сучасны быў і стыльны,

Схапіў і я

Свой тэлефон мабільны —

Не вытрымалі нервы,

крыкнуў з жарам:

— Ало? Дурдом?

Прышліце санітараў!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.