epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Якое ж гэта свята!

Узрушана-прыўзнята

Мы робім адкрыццё:

Якое ж гэта свята

Ўваходзіны ў жыццё!

 

Ёсць ісціна старая,

Ў ёй кожны — вы і я:

Юнацтва распірае

Ад велічнага «я».

 

Юнацтву па калена

Праблемаў акіян,

Што шчыра і нязменна

Вядзе юнацтва ў зман.

 

Часовыя няўдачы

Не лічацца за зло,

І добра — а іначай

Юнацтва б не было.

 

*

 

Я быў толькі зерне

Характарных рыс.

Я быў і не вернік,

І не атэіст.

 

Я, сходу без броду —

Ў плынь лёсу ракі.

Сабака да году

Звычайна такі.

 

Юнацтва да Бога

Не хіліць крыло.

Ад Бога нічога

Не трэба было.

 

Ў свет тайнаў бязмежны

Юнацтва грабе.

Я быў незалежны,

Я — сам па сабе.

 

У гору ахвотна

Ідзем, як з гары.

Жывем бесклапотна,

Але да пары.

 

Юнацтва растлуміць

Свавольствы свае —

Жыццё абразуміць,

Жыццё абаб’е.

 

Уцехаў нямнога,

А клопатаў шмат.

Ужо і да Бога

Кіруем пагляд.

 

Падзей шматгалоссе

Віруе ў жыцці.

І мне давялося

Праз гэта прайсці.

 

І я перад Богам

Схіліў галаву.

З яго дапамогай

І сёння жыву.

 

І крочыцца горда

Па сцежках, дзе рос.

І хто ж гэтак шчодра

Адорыў мой лёс?

 

Ніхто адназначна

Не знойдзе адказ.

Усім я удзячны,

Хто дбае пра нас.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.