epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Яна ёсць

Ах, як імкнуўся я наперад,

У мараў казачны дызайн,

Нібыта ёсць такія дзверы,

Іх расчыню, як тайну тайн.

 

Спачатку й да жыцця акрайны,

Нязведанае вабіць штось.

Імкнуся я да нейкай тайны,

Яна, упэўнены я, ёсць.

 

Яна гукае ледзьве чутна,

Яе я чую... чуць хачу.

Інакш жылося б мне атрутна,

Хоць стаў жалобную свячу.

 

І я лунаю святакрыла

І веру — вера не міне:

Жыццё не ўсё сваё адкрыла

І штось рыхтуе для мяне.

 

І я іду да невядомай

Падзеі, за якой сюрпрыз.

І не палохае ні стома,

Ні тое, што качуся ўніз.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.