epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Янка

Усхапіўся Янка,

Хлопчыку не спіцца.

Ён у полі зранку,

Бліжай да зямліцы.

 

Далягляды вабяць—

Гэта не забава.

Хлапчука цікавіць

Кожная праява.

 

Ад чаго разгульна

Ветру ў паднябессі?

І чаму няўтульна

Ветру ў цёмным лесе?

 

І чаму раздольна

Сэрцу ў чыстым полі,

А у хаце вольна

Не было ніколі?

 

Птушак — незлічона,

Рознае пароды,

Ды пяюць натхнёна

У свой час заўсёды.

 

Хтось руладзіць рана,

Хтось спявае ўночы.

Складна хтось, складана,

Нехта, як званочак.

 

Ды і ў лузе кветкі

Свайго часу прагнуць.

Вунь дубкі-падлеткі

Ў высь галінкі цягнуць.

 

Ўсё цікавіць Янку —

Матылькі і зёлкі,

Спрытныя маланкі,

Дзіўныя вясёлкі.

 

Янка ў хваляванні

Сярод мар блукае.

І на ўсе пытанні

Ён адказ шукае.

 

*

Падрастае хлопча,

Думкі ў вершы ніжа.

І цяпер ён хоча

Да людзей быць бліжай.

 

Шмат і тут пытанняў,

Як тады ў прыродзе —

Скуль паны і пані

Скуламі ў народзе?

 

Багацеюць шыбка,

Не глынуўшы поту,

Бо дзяруць, як ліпку

Горкую бядноту.

 

Ў свет кладзе пракосы

Словам вершаваным,

Каб палепшыць лёсы

Людзям змардаваным.

 

Ратаваў ад бедаў

Лёс людзей пахілы.

Ён яшчэ не ведаў

Свайго слова сілы.

 

І не сніў, што слова,

Не саступіць зброі.

Проста мысліў нова,

Проста светла мроіў.

 

*

Ў свеце праўды мала,

Ў свеце шмат заганы.

Хтось стварыў няўдала

Свет неўладкаваны.

 

Ні дабра, ні ладу,

Ні спадзеўкі ў сэрцы,

Хоць працуй да ўпаду,

Хоць гарбаць да смерці.

 

Мёрлі ў брудзе й поце,

У бяспраўе ўросшы.

Большасць — пуста ў роце,

Меншасць — у раскошы.

 

Ў свеце шмат нядолі,

Ў свеце праўды мала —

Гэта Янку болем

Сэрца разрывала.

 

Ён з людзьмі трывае,

Ўсёй душою з імі,

Але болей дбае

Сэрцам аб Радзіме.

 

Лёсы хаатычна

Лепшыць немагчыма.

Толькі заклік зычны

Схамяне Радзіму.

 

Заклік канчаткова

Гнеў людзей разпрудзіць

Толькі праўды слова

Кожны лёс абудзіць.

 

*

Сярод іншых вершаў,

Твораў вершаваных,

Янка помніць першы —

«Мужык» — многім знаны.

 

«Не мужык дурны я,—

Думаў Янка ўпотай,—

Не дурныя й тыя,

Сцятыя бяднотай.

 

З поглядам цвярозым

Кіньце кут запечны,

Пакажыце розум,

Розум свой адвечны.

 

Новага радзіны

Святкуйце супольна,

Разагніце спіны,

Удыхніце вольна.

 

Ваша несвядомасць

Лёсы вашы межыць.

Хто вы ў сваім доме —

І ад вас залежыць...»

 

Ў грамадзе, ў агуле,

Блізка і далёка,

Песняра пачулі,

Зычны кліч прарока.

 

Сустракае Янку

Мара векавая —

Ноч прайшла і ранку

Месца саступае.

 

*

Тлумны, новы, дзіўны

Спраў штыкетнік шчыльны.

Час ужо архіўны —

Дарэвалюцыйны.

 

Новыя улады.

Новыя парадкі.

Янка зменам рады —

Ўсё для вас, нашчадкі!

 

Ўсё для чалавека,

Ўсё для вас, нашчадкі!

Янка ўсё ж кумекаў —

Рана біць у ладкі.

 

Трэба ўсё пабачыць,

Трэба ўсё узважыць,

Трэба ўсё памацаць —

Штосьці ў творы ляжа.

 

Час мінулы муліў,

Царска-манархічны.

Час спачатку ўтуліў

Сацыялістычны.

 

Бачыў паступова —

Ў маладой дзяржаве,

Ўсё на словах нова,

Ды інакш на справе.

 

І, не дзеля моды,

Янка год ад года,

Быў, як і заўсёды

Песняром народа.

 

Услаўляў ён вершам

Родны край любімы,

Заставаўся першым

Песняром Радзімы.

 

Песняром быў болю,

Лёсаў-заняпадаў.

Ды не пеў ніколі

Ўхвальна для уладаў.

 

Быў народу рады

Ў вершах слаць падмогу,

Творамі для праўды

Церабіў дарогу.

 

Жыць з людзьмі ён рады,

Як адно жывое.

Ды народ і ўлады

Не адно і тое.

 

Прапаганды вэрхал

Выкрываў, як хітрасць.

І адчуў ён зверху

Да сябе нялітасць.

 

Ў вершаваным моры —

Дзе-нідзе у кніжку,

Устаўляць у творы

Мусіў «дзёгцю лыжку».

 

І ляцелі, часам,

Вершы аднакрыла:

Пахвальба калгасам,

Ў партыі ўся сіла —

Што душы няміла.

 

Ратаваць ён мусіў

Адвечныя тэмы...

Вымушана схлусіў —

Сярод тых прымусаў

Напісаў паэму.

 

Потым «мылі» гучна

Крытыкі і прэса,

Бы стварыў ён штучна

«Над ракой Арэсай».

 

І чытач адзначыў

Стыль пісьма пахілы,

І чытач убачыў,—

Створана праз сілу.

 

І хоць цэнзар правіць

Ў сонца золак шэры,

Цяжка тое славіць,

У што мала веры.

 

*

Геній Янкі ўзрушваў

Свет узнёсла, удала.

Ў сэрцы Беларусі

Слова шчыравала.

 

Ў слове Янкі — веліч

Беларускай мэты.

Ў слове Янкі — безліч

Парасткаў асветы.

 

Ў час вайны суровы

Й вершы, як героі,

Янкі вершасловы

Клікалі да зброі.

 

Заклік вершаваны

Гнеў будзіў народны —

Біце іх, паганых,

Каб ні ўскрэс ніводны!

 

*

Неба сінь — бяздонне,

Родны край — бязмежжа.

Як без Янкі сёння?

Ён над намі — вежай.

 

Ён над намі й з намі,

Кліча нас да ладу:

Ў мітусні й бедламе

Не губляйце праўду.

 

Жыць у свеце годна —

Найцяжкая праца.

Важна й неабходна

Й сёння людзьмі звацца.

 

Будзе месца слову —

Й дзень надыдзе новы.

Беражыце мову,

Мы — ніхто без мовы.

*

Нам без Янкі горай,

Без яго самотна.

З намі Янкі творы

Будуць бессмяротна.

 

Трапяткім падранкам

Б’ецца праўда-матка.

Тайнаў шмат у Янкі,

Ды і смерць — загадка.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.