epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Яны

Яны кіруюць светам,

А, значыцца,—

І намі.

Яны —

Няўстойлівых часоў

Уладары.

Яны ствараюць

Брудных спраў

Цунамі.

Тады жыццё —

У брудзе,

Нагамі дагары.

 

Нявартых,

Невядомых,

Яны вядуць ва ўладу,

І пад магільны крыж

Яны

Скіруюць шлях.

І бласлаўляюць

Жорсткасць,

Ганьбу,

Здраду

Для славы прагных,

Сквапных

Яны —

Бясслаўя гмах.

 

Яны —

Казыр дзяржаў,

Яны —

Ў законе.

Хоць шмат

На іх крыві,

Ніхто

Не супраць іх,

Ні той —

Хто пры лапцях,

Ні той —

Хто пры кароне

Ні той —

Хто з «ласкі» іх

У брудзе тоне.

 

Яны —

Вайна і слёзы,

Яны —

Раскоша.

Яны —

Жыццё і смерць,

Дабро і зло —

Яны...

Яны — банкноты,

Яны — паперкі,

ГРОШЫ —

Злопараджэнне

Продкаў —

Глыбокай даўніны.

 

Злопараджэнне?

Не!

Для добрых спраў

Яны і на карысць

Часоў і пакаленняў —

Іх прызначэнне.

А тое,

Што змяніўся

Іх «статут» з часамі,

Люстэрка ні пры чым —

Мы ў ім —

Крывыя самі.

 

Напрыклад, зброя — зло,

Што на яе ківаць?..

І зброя здольная

Адна і тая ж

І бараніць жыццё,

І забіваць.

Залежыць лёс яе

Ад рук сціскаючых,

І ад вачэй,

Прыліпшых да прыцэлу,

А, большасцю,

Залежыць ад мазгоў —

Ці светлых,

Ці сшалелых.

 

Мы —

Лёс змянілі ім,

Яны —

Мяняюць наш.

Што сеем,

Тое й жнём —

Узаемнае псаванне.

Зло — на дабро:

Ў штыкі,

Ў клыкі,

На абардаж!

Зло скаліцца:

— Прыехалі!

Прыміце віншаванне!

 

Дык хто яны?

Зладзей

Ці добры геній?

Што ім ад нас —

Хвала?

Альбо прысуд-кляймо?

Ці перад імі стаць

Пашанна

На калені?

Ці нас яны,

Без нас

Паставілі даўно?

 

Хутчэй другое...

Мы —

Ў палоне,

На пасылках.

А яны —

Адмененае

«Право крепостное»

Не адмянялі,

Бо мы — прыгонныя.

А раз мы — у прыгоне,

Яны —

На троне.

 

Яны —

Не толькі нас,

Гісторыю мяняюць.

Улада іх, уплыў —

Шырэй,

Мацней штогод,

Штопакаленне,

З веку ў век.

Яны —

Наперад рух,

На жаль,

Скрыўляюць

І спыняюць

Чым больш іх у кішэні,

Тым хутчэй

Знікае з чалавека

Чалавек.

 

Паперка-монстр,

Мы перад ёй —

Шарплюдзік.

Яна —

Як ветразь

Часу-караблю.

Яна — п’яніць,

Мутніць

Цвярозасць думак,

Прыцягвае, трымае,

Як на вудзе —

І непрыкметна,

Паслухмяна

Людзі —

Глыбей у рот удаву —

У пятлю.

 

Яны —

Уладары,

Цары,

Ды да пары...

Бо надыходзіць час —

І ўжо яны —

Нішто,

Папера,

Непатрэба.

І нават золата —

Смяццё,

Не трэба.

Усё губляе ўладу,

Бо ў жыцця

Ёсць мера,

І душа — ці ў пекла,

Ці на неба...

І нават той,

Хто спаў на золаце,

А на грошах

І піў, і жор —

Не адкупіўся і памёр.

 

А мой бюджэт?

Сканаў...

Нічога на прыкмеце...

Было й раней

Ні тлуста, і ні густа.

Бязвыйсцем

Пад сабой ссякаю

Лёсу сук.

Я за кішэню —

Мац!

Ў кішэні — вецер,

Пуста.

Хоць грошы — зло,

Без іх я —

Як без рук.

Яны —

І нада мной —

Уладары...

На жаль,

Хутчэй, на шчасце —

Да пары.

 

Што лепей —

Іх згубіць?

Ці іх знайсці?

Свае — лепш не губляць,

Чужыя — не знаходзіць...

Дык хто яны?

Ці што?

Яны — усемагутнасць у жыцці?

Што нам даюць?

Псуюць нас?

Паляпшаюць?

Шкодзяць?

Адказ вядомы нам —

Даюць амаль усё:

Палацы, яхты,

Ўцехі вынаходзяць.

Усё, што на зямлі

І кратаецца, і расце —

Штодзённа на стале...

Але...

 

Але — ніхто,

Ні злодзей і ні геній,

Ні цар і ні лакей —

Хоць ты гультай,

Хоць ты руплівы —

Ніколі і ніхто

Праз іх не стаў шчаслівы.

І прымаўка, як рэха у вушах:

«Не, шчасце не ў грашах...»


2012

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.