epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Ёкарны бабай

Хвядос толькі што прачнуўся і сядзеў у споднім за сталом. Ён адсёрбваў з трохлітровіка агурочны расол, выплёўваў кроп, парэчкавае лісце і паміж справай распавядаў свайму сябру Міхасю, які прыйшоў яго праведаць:

— О-о, ёкарны бабай, учора ўзяў на грудзі!.. Пасля першых трох мярзаўчыкаў — ні ў адным воку. Праўда, пасля наступных трох закідонаў з прычэпам — затырчаў! Сёння, бляха, буксы гараць, хоць «01» выклікай.

Міхась насцярожана паказаў вачыма на жанчыну, якая сядзела на канапе і сваім выглядам ніяк не ўпісвалася ў тутэйшы лад жыцця.

— А-а! — зразумеў Хвядос.— Не баіся! Яна ні храна, ні паўхрана па-нашаму не разумее. Прыперлася ў госці з Амерыкі нейкая радня: быццам па дзедавай прабабцы залоўка ў пятнаццатай стрэчы. Як кажуць, пень гарэў — чорт плечы грэў...

— А хоць сабе і разумее! — падбадзёрыўся Міхась.— У нашага арганізма свае малекулы, у іхняга свае.

Хвядос сербануў расолу і запытаўся:

— А ты?..

Міхась, які паспеў «патушыць» свае буксы, ажывіўся:

— Я?! Я ўчора захмяліў лыч па першае чысло! Спачатку хлабыснулі па фаўсту на кожнае рыла. Во! Міравое «чарніла»! Затым раздушылі «Двух буслоў» і яршом завяршылі... Поўты атас!

Амерыканка, якая, здавалася, не звяртала ўвагі на размову сяброў, раптам спыталася:

— Скажытэ, что есть ёкарны бабай?

Міхась зашыкаў на сябра:

— Ты ж казаў, яна нічога не разумее!

Хвядос спакойна дапіў расол, выцер даланёй залітыя грудзі і супакоіў:

— Бачыш, пытаецца? Значыць, нічога не цяміць па-нашаму, па-еўрапейску,— павярнуў галаву да далёкай сваячкі: — Ёкарны бабай на вашу мову не перакладаецца! Ясна?

— Не ясна,— прызналася госця.— І фсё ж этот ёкарны бабай есть чэлавек, горад ці фірма?

— Фірма! — пацвердзіў Хвядос.— У нас ледзь не кожны мае такую фірму.

Міхась папярэдзіў:

— На ўсякі выпадак трэба трымаць язык за зубамі.

Хвядос ускіпеў:

— Ды пайшло яно ўсё! Буду я баяцца ў сваёй хаце! Зараз зганяем у краму і...

Амерыканка зноў спыталася:

— Скажытэ, что есть гараць баксы? Это что, кто-то горит долары?

— Во чэпіцца! — плюнуў Хвядос.— Гараць, гараць вашы долары! Сінім полымем гараць! Ясна?

— Не ясна,— не адступалася з’едлівая амерыканка.— Почему у вас гореть долары, когда вы едіте одно сало?..

— Во зануда! — распаляўся Хвядос.— Міхась! Скажы ты ёй пару ласкавых!

Міхась, які, як вядома, паспеў зранку «патушыць» свае «буксы» і патраціць свае «баксы», цярпліва і даходліва патлумачыў заакіянскай дасціпніцы:

— У вашага арганізма свая табліца Мандзілеева, у нашага — свая. Тундра!

— Правільна! — пацвердзіў Хвядос і паўтарыў: — Вось зганяем зараз у краму і...

Але з канапы зноў пачулася:

— Скажытэ, что есть...

Хвядос аж падскочыў:

— Што есть, тое і есть, а чаго няма, таго няма! Ясна?!

— Не ясна,— прызналася замежная сваячка.— Скажытэ...

Хвядос шмаргануў вышэй кальсоны і падаўся да дзвярэй:

— Пайшлі, Міхась, на двор! Не дасць гэта цемра буржуазная пагаварыць!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.