epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Ён і яна

Ноч. Цішыня. Пакой. Не спіць паэт.

Агеньчык свечкі, нібы пульс нервовы.

Не спіць паэт, шукае думак след,

Складае рыфмы, падбірае словы.

 

Не ладзіцца. Не думкі, а капрыз,

Нібы вада праз рэшата, збягаюць,

Дый сон «не спіць» — павейкі цісне ўніз,

І вочы плюснуцца і не міргаюць.

 

І раптам ён, нібы спаткаў вясну,

Затрапятала і душа, і цела.

Ажыў паэт, паэту не да сну —

Яна ўвайшла ў пакойчык, уляцела.

 

Ён і яна — загадкавы інтым,

Яна і ён — адзінае дыханне.

Да раніцы не наталіцца ім

Вясной пачуццяў, водарам кахання.

 

Для іх малы пакойчык — цэлы свет,

І прыцемак і сціпласць — не абуза...

Ноч. Цішыня. Таемства. Ён — паэт,

Яна — яго выратаванне — муза.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.