epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Ён нам дапаможа

Ад калыскі, ад народзін,

Кожны нёс свой крыж праз час.

І у кожным дні і годзе

Чулася ў дышы не раз,

 

Чулася прыгожа:

Дзякуй табе, Божа!

 

Усяго ў жыцці багата —

Нараджаецца дзіця,

З цудаў цуд, са святаў свята,

Ранак новага жыцця.

 

Шчыра шэпчуць губы:

Дзякуй, Божа любы!

 

А бывае, што раптоўна

Лёс бяду прыпаднясе,

Зноў да Бога малітоўна

Мы звяртаемся усе.

 

Крыж цалуем тройчы:

Злітуйся, наш Ойча.

 

Ох не простая дарога

Нас чакае па жыцці,

І усё ж мы славім Бога,

Ён нам даў па ёй ісці.

 

Ён нам дапаможа,

Слава табе, Божа!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.