epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Ёсць...

Якая бездань мітусні будзённай

Паміж людзьмі, хоць тут і цесна ім,

Як глушыць сэрцы горад манатонны,

Як слепіць душы лжэсвятлом сваім.

 

Тут штурхануць у бок, у грудзі, плечы,

Дыхнуць у нос тым, хтó што піў і еў.

Не церануцца каб аб локаць нечы,

Тут немагчыма, нават, каб хацеў.

 

І гэта выклікае фон нервовы,

І ў поглядах блішчыць ўзаемны лёд.

Ненарматыўныя адсюль і словы,

Бывае, што пускаюць рукі ў ход.

 

А вось у вёсках ладзілі спрадвеку,

Ніхто не дапускаў да сэрца зло.

І чалавек быў рады чалавеку —

Было у вёсках так...

Ці ёсць?

Было...



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.