epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Каханне ўзыходзіць на трон

Салавейка за вокнамі цёхкае

І ад гэтых крыштальных рулад

Ноч настолькі бяссонная, крохкая,

Што, здаецца, пачне зоркапад.

 

Лёгка сэрцу аб песню параніцца,

Загаіцца намнога лягчэй.

І працягне салоўка да раніцы

Чараваць — то цішэй, то званчэй.

 

Не стрымалася зорачка спрытная

І — уніз, да зямное красы.

Тут, чаромхавай пенай памытая,

Ператворыцца ў кроплі расы.

 

Салавейка пяе, завіхаецца

І, ніяк не нацешыцца ён,

Што прырода й душа аднаўляюцца

І каханне ўзыходзіць на трон.

 

Неба край запалаў новай раніцай,

Лес напружыўся ўзмахам крыла,

Далягляды ружова туманяцца —

Салаўіная ноч адышла.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.