epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Каго напамінае?

Лёс лесу, як людзей,

непрадказальна-розны,

Здаецца, што ўва ўсіх

ёсць на жыццё правы.

У лесе й сонца, й цень,

і тут над кожным кожны,

Няпісаны закон: хто дужы, той жывы.

 

Каго ад году ў год

мне лес напамінае?

А-а, зразумеў каго!

Кантрасна-розных нас.

Кудлатая рабіна,

як барыня мажная,

Кафтан зялёны і —

каралі напаказ.

 

У дуба між усіх

спрадвеку форс асобы,

Ён — волат.

Як сказалі б сёння — круцізна.

Свой стан пазалаціла,

а зверху, для аздобы,

Прычоску кучаравіць

зграбная сасна.

 

Цікава выглядае

Штогод убор яловы,

Яліна ганарыцца

мантыяй сваёй.

Ды елка, нібы баба,

калючая на словы,

І мала хто захоча

паабдымацца з ёй.

 

Каго ж напамінае

асіна трапяткая,

З дрыготкаю лістотай

і дзённа, і ўначы?

Яна, як жонка, што

ад мужа уцякае,

Уся дрыжыць і ўсё ж

не можа уцячы.

 

А хто стаіць вунь там?

Чыя раскоша-крона?

І хто так у бакі

раскінуў голле рук?

А-а, гэта браце клён,

такі фасон у клёна,

Ён, нібы да дзяўчат

збіраецца дзяцюк.

 

Паставім кропку тут.

О не! Ні кропка, коска,

Не ўсіх адкрыла нам

шматлікіх дрэў сцяна,

Бо вунь, нібы дзяўчо,

прыгожая бярозка,

Сукеначка, як цуд,

і стану белізна.

 

Я запрашаю ў лес,

калі не быў тут хтосьці,

Каб наталіць святой

прыродаю душу,

Адчуць сябе часцінкай

гэтай прыгажосці,

Я сэрцам пра яе,

не словамі пішу.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.