epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Каюся

Божа любы!

Божа правы!

Ты стварыў жыццё — не мёд,

І таму даруй забавы

Маладых і грэшных год.

 

Час шчаслівы — час імклівы,

Але носім,

Як дакор:

Перагулы, перапівы,

Многіх «пера» — перабор.

 

І блюзнерыў я нярэдка,

Ціскаў дзевак — ад душы.

Ты б цішком мяне, без сведкаў

Адчыхвосціў: — He грашы!

 

Ты б хоць раз мне ў вуха шмягнуў,

Што казаць — было за што.

Ты маўчаў — і я працягваў

Калаўроціць на ўсе сто.

 

Сёння іншы я, набожны,

Бог такіх не абміне...

Але грэшны дзень той кожны

Ўсё ж прыемна ўспомніць мне.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.