epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Калабковы футбол

Хату, у якой жылі дзед і баба, з усіх бакоў атуляў лес. Разам з імі жыла ўнучка Маша — уцеха старых і руплівая памочніца.

Адным разам Маша гуляла з мячыкам ля хаты, а той — скок, скок ад яе і пакаціўся. Паколькі хата стаяла на пагорку, то і мячык каціўся хутчэй, чым дзяўчынка яго даганяла. Заплакала Маша і вярнулася дамоў ні з чым.

А мячык між тым усё каціўся і каціўся, пакуль яго не затрымаў Заяц. Мячык быў жоўтага колеру і Заяц падумаў, што гэта Калабок і ўзрадаваўся:

— Калабок, Калабок, я цябе з’ем!

Мячык маўчаў, бо не ўмеў размаўляць і Заяц палічыў яго маўчанне за згоду. Паспрабаваў куснуць яго сваімі двума пярэднімі зубамі і расчараваўся:

— Фу, які ты нясмачны! Гумай ад цябе пахне...

Кінуў Заяц мячык і той пакаціўся далей. Каціўся ён каціўся, а тут насустрач Ліса.

— О, які прыгожы Калабок! — усклікнула Рыжая.— Вось цябе я і з’ем!

І зноў мячык ні слова ў адказ.

— Ага, маўчыш, значыць, не супраць! — і куснула яна мячык за гумавы бачок, а бачок толькі крыху ўгнуўся і пругка выпрастаўся.

— Вой, які ты, Калабок, непрапечаны! — скрывілася Ліса і кінула мячык на зямлю. Мячык падскочыў і пакаціўся далей.

Праз нейкі час нейкая моцная лапа спыніла яго. Гэта быў Воўк, як заўсёды галодны і злосны.

— Хоць і не люблю я печанага цеста, усё ж з’ем я цябе, Калабок, бо нікога сёння акрамя цябе не сустрэў,— прахрыпеў ён.

І Воўк, не чакаючы згоды Калабка, грызнуў гумавы бачок мячыка, а таму — хоць бы што.

— У-у, зусім няспечаны Калабок! — узвыў Шэры.— Каціся прэч адсюль!

І пакаціўся мячык далей. Але нядоўга давялося яму вольна пакочвацца, бо Мядзведзь туляўся па лесе ў пошуках ласунка.

— Ай, як добра, што я цябе напаткаў, Калабочак! Я ж так люблю печыва!

І хоць мячык быў не малы, затое апетыт у Мядзведзя быў вялікі, таму праглынуў ён Калабка цалкам. Пайшоў задаволены Мядзведзь далей па лесе, аблізваецца. Але праз нейкі час адчуў у страўніку рэзі.

— Толькі мне нястраўнасці і не хапала,— прабурчаў касалапы.— Відаць, Калабок быў чэрствы ці спечаны нейкай недарэкай. Во-о-ой-ой! — стагнаў ён.

Тут ён убачыў Сароку і пытаецца ў яе:

— Можа, ты ведаеш, хто і дзе пячэ калабкі?

— Баба, баба, баба! — застракатала Белабокая.

— Я яе, тую бабу, за такія калабкі парву на шматкі! — зароў Мядзведзь і, войкаючы накіраваўся да хаты, дзе жылі дзед, баба і ўнучка Маша.

Убачыў ён ля хаты дзяўчынку, якая сядзела і плакала, і здзівіўся:

— А чаго ты плачаш? Я ж яшчэ тваю бабулю не парваў на шматкі. Ці ты мяне напалохалася?

— А чаго я павінна цябе палохацца? — усхліпнула Маша.— Я ў такога як ты доўга жыла, прыбіралася ў яго хаце і гатавала яму смачную ежу.

— Ха! — радасна ўсклікнуў Мядзведзь, перасільваючы рэзі ў жываце.— Дык цябе Маша завуць, а жыла ты ў майго старэйшага брата. Шмат прыемнага распавёў ён пра цябе.

— Так, гэта я,— перастала хліпаць носам дзяўчынка.

Мядзведзь зноў войкнуў ад болю і рыкнуў:

— Але прабач, Маша, я ўсё роўна павінен разадраць тваю бабулю на шматкі.

Тут з хаты выйшла баба.

— Хто гэта збіраецца разадраць мяне на шматкі і за што? — пацікавілася яна.

— Ты спякла калабок, ад якога ў мяне баліць страўнік і коліць у бок? — грозна рыкнуў ён.

— Калабо-о-ок? — здзівілася старая.— Не, Міхайла Міхайлавіч, мы з унучкай пячэм толькі піражкі. Хочаш, пачастуем...

— Хацець хачу, ды не магу-у-у! У маім страўніку засеў цэлы калабок, які ніяк не пераварваецца. Болі і рэзі не дазваляюць мне нават прадыхнуць.

— А ты, Міхайла Міхайлавіч, вадзіцы папі, той калабок і размякне, рэзі сціхнуць. Вось, калі ласка, вядзерца з вадой.

Пачаў Мядзведзь піць ваду, абхапіўшы пярэднімі лапамі вядро. Выпіў усю ваду да кропелькі.

Паколькі мячык быў гумавы, ён у выпітай вадзе ўсплыў да самага горла Мядзведзя. Той папярхнуўся, моцна кашлянуў, мячык і выскачыў прама Машы пад ногі.

— Мой любімы мячык знайшоўся! — радасна падхапіла Маша мячык.

— Ха-ха-ха! — радасна зарагатала баба.— Дык вось які калабок ты праглынуў!

З хаты на шум і смех выйшаў дзед.

Мядзведзь зачырванеўся ад сораму, бо збіраўся разадраць на шматкі зусім не вінаватую бабу.

— Прашу прабачэння, людзі добрыя! — пакланіўся ён.— Гэта рэзі ў страўніку абудзілі ўва мне звера.

Тут азвалася шчаслівая Маша:

— Бабулечка, пачастуй Мішу нашымі піражкамі, яны сёння з малінавым варэннем.

Калі падсілкаваліся піражкамі і напіліся духмянага чаю, Мядзведзь пачаў развітвацца.

— Ай, як добра, Маша, што я праглынуў твой мячык. Праз яго я пазнаёміўся з вамі,— а потым няўпэўнена спытаў: — А, можа, Маша, пажывеш і ў мяне? Будзеш у маіх пакоях прыбірацца, будзеш гатаваць мне ежу, а я буду табе казачкі перад сном расказваць. У мяне іх шмат назапашана.

— Не! Не! — у адзін голас занекалі дзед і баба.— мы ўжо зусім старыя, без Машы нам не пражыць...

— Шкада,— уздыхнуў Мядзведзь, збіраючыся ісці ў лес.

— Не сумуй, дзядуля Мядзведзь,— суцяшала яго Маша,— прыходзь да нас у госці. І мы будзем бачыцца.

Затым яна ажывілася:

— А давай мы с табой пагуляем у мячык, бо я ўвесь час гуляю з ім адна ды адна. Ён нават пачаў уцякаць ад мяне.

— А ў што будзем гуляць? — спытаў Мядзведзь.

Раптам дзедавы вочы ўспыхнулі агеньчыкамі:

— У футбол! Я ў маладыя гады — у-ух! — як захапляўся гэтай гульнёй!

— Як гэта? — здзівіўся Мядзведзь.

— Вельмі проста! — пачала тлумачыць Маша.— Баба будзе стаяць у маіх варотах, а дзед — у тваіх. Цікава, хто каму заб’е больш галоў, ці ты мне, ці я табе?

— Эх, было не было, гуляем! — запаліўся Мядзведзь.

І пачалася гульня. Маша — спрытная, вяртлявая, але і Мядзведзь, нягледзячы на сваю касалапасць, даволі рухавы. Да таго ж, у Мядзведзя ў лапах сілы больш, чым у дзіцячых нагах, таму ён біў па бабіных варотах з усякіх дыстанцый, нават здалёк. Але баба па-майстэрску лавіла, здавалася б, небяручыя мячы, нават з «дзявятак» даставала іх. А вось дзед, відавочна, адставаў ад бабы, бо прапускаў, як кажуць, самыя хліпкія ўдары ўнучкі. Такім чынам, пасля двух напружаных таймаў, лік быў 7:0 на карысць Машы.

Мядзведзь падыйшоў да дзеда і ціхенька, каб гульцы другой каманды не чулі, папракнуў старога:

— Ты, дзед, шальмаваў, падыгрываў унучцы і прапускаў галы, якія б і сляпы не прапусціў. Але няхай сабе дзіця пацешыцца.

Дзед зачырванеўся:

— Вінаваты я, прабач... сам разумееш, унучачка, родная кроў... Другім разам стаў у свае вароты бабу.

Мядзведзь хмыкнуў:

— Дык і для бабы Маша — родная кроў. Не, лепш другім разам на варотах будзем стаяць мы з Машай, а вы з бабай будзеце ганяць па полі калабок, прабач, мячык.

Ці быў другім разам калабковы футбол ці не, і на чыю карысць ён закончыўся,— мы, на жаль, не ведаем. А шкада...



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.