epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Калядны цуд

Абрыдлы пост прайшоў —

І сёння, на Каляды,

Хоць і раней Савось

Да гэтага быў ласы,

Сеў за святочны стол,

Кульнуць быў вельмі рады,

Пад бульбу, пад капусту,

Пад сала, пад каўбасы.

 

Змагаўся за сталом

Савось, ажно да поту,

Застольны ж пот — не дождж,

За карак не цячэ.

Пілося — упрыцмок,

І елася — ўахвоту,

І колькі ён не піў,

Хацелася яшчэ.

 

Адно не па нутры,

Што жонка каля боку,

Як зуб, які баліць,

Хоць рві яго, не рві.

Яна, як бервяно,

У нецвярозым воку,

Казала напрамкі Савосю,

Без намёку:

— Ты п’еш — не перапі,

Ясі — старанна жві.

 

Святочнае жыццё

Падобнае на казку —

Савось гэта адчуў,

Пагладзіўшы жывот.

Ад пуза закусіў,

Напіўся пад завязку —

І аблізнуўся ён,

Як, сала з’еўшы, кот.

 

Да ложку ледзь дайшоў

І — бух набакавую,

Адразу храпака задаў

На ўсе лады.

Ды раптам над сабой

Ён голас жонкі чуе:

— Ці ж можна легчы спаць

Пасля такой яды?

 

Ад лішняе вагі

Ці будзе шмат карысці,

Табе і так на нос

Узлез ужо жывот.

Устань, не лежабоч,

Ідзі і пратрасіся,

Працверазі мазгі

Марозам, абармот!

 

Савось на ложку сеў,

Хаця паспаць маніўся,

Пад лыжачкай пякло,

У галаве гуло.

Ціхутка уздыхнуў:

«Начорта я жаніўся?

І спаў бы я цяпер,

І звягі б не было».

 

Савось рашуча ўстаў:

— З Ражством, святы Ісусе!

Прабач за гэта мне,—

Зняў стрэльбу са сцяны.

Паколькі раяць мне,

Пайду і пратрасуся,

І несвяточны дзень

Зраблю для дзічыны́.

 

Адразу жонка ў крык:

— Ты што, здурнеў, Савоська!

Кінь стрэльбу! Ты ж п’яны́!

На ложка лезь, назад.

Савось зарагатаў:

— Выконваю я, Зоська,

Як і жадала ты,

Жаночы твой загад.

 

А Зося ў слёзы, ў плач:

— Савоська, ты ж пад мухай!

Савось ціхшком узяў

Бутэльку са стала.

— Ну, жонка, пажадай

Мне ні пяра, ні пуху

І — што ні куст, ні крок,

Дзічына каб была...

 

Што гэта будзе так,

Ён меў не надта веры

Ды адступаць назад

Савось ужо не мог.

Ён шумна расчыніў

Перад сабою дзверы

І хісткаю хадою

Крочыў за парог.

 

Спачатку ён ішоў

Праз лес даволі смела,

Штось спробваў напяваць,

Бадзёрыўся, як мог.

І след яго віхляў

Між соснаў і між елак,

Вядома ж, выпіў ён

За дзвух, а мо й за трох.

 

Кусаў мароз за нос

І снегу па калена

І сп’яну у вачах

П’яны́ хістаўся лес.

Савось з дзіцячых год

Лясы ведаў нядрэнна,

Таму усё глыбей

У гушчарыны лез.

 

Ён шмат так папятляў

Без мэты і без толку.

Раптоўна цецярук

Ўзляцеў і сеў на сук.

Савось схапіў з пляча

Надзейную двухстволку —

Палохаў цішыню

Страшэнны сэрца стук.

 

Прыцэліўся Савось

І на курок націснуў...

Націснуў на другі,

Ды стрэлу не было.

А цецярук хвастом

На развітанне бліснуў,

Знікаючы між дрэў,

Узняўся на крыло.

 

Савось разявіў рот,

Не разумеў нічога,

Глытаў нешанцаванне

І крыўду — напалам.

Яшчэ раз памянуў,

Не вельмі добра Бога,

І «разламаў» ружжо,

Зірнуў туды, а там...

 

Патронаў не было —

О, п’янка, ледзь не кома,

Адпітыя мазгі

Былі ўсяму віной

Патронаў не было —

Ён іх забыўся дома,

Таму плаціў цяпер

Такою вось цаной.

 

Ды цецярук — луска,

Не дужа быў і трэба.

Ён раптам уявіў,

Як у жахлівым сне —

Цямнее пакрысе

І мурзаецца неба,

Глядзіш, і ноч усё

Наўколле паглыне.

 

У дадатак да ўсяго,

(Савось аж разгубіўся)

Дзе вёска? Хата дзе?

Дзе, у якім баку?

З дарогі збіўся ён,

У лесе заблудзіўся,

Ён першы раз адчуў

Такое на вяку.

 

Так, перад жонкамі,

Ўсе мужыкі героі —

Сюды ж Савося, ў лес,

Гарэлка прывяла.

І тут Савось адзін,

Адзін, лічы, без зброі,

Бо стрэльба без патрон,

Нібыта чапяла.

 

А ноч усё бліжэй,

А страх сціскае грудзі,

І цемрай пазіраў

У вочы кожны кут.

Ён кінуўся ў бакі,

Як зайчанятка, ў спудзе,

Ён нават закрычаў,

Ды хто пачуе тут?

 

Ён сеў на нейкі корч,

Спустэшана і цяжка

І нізка апусціў

На грудзі галаву.

І раптам — мац кішэню,

Дастаў з гарэлкай пляшку —

І запаліўся ўвесь Савось —

Цяпер жыву!

 

Цяпер не страшны чорт!

І выглыкаў бутэльку,

Да кропелькі, да дна,

Не дыхаў — глык ды глык.

За Ражджаство Хрыста!

За светлую нядзельку!

І ты бывай здароў,

На небе, маладзік!

 

Устаў Савось з карча

І азірнуўся смела,

І хоць кусаў мароз,

Яго лягчэй трываць.

Адтала ў галаве,

Ў душы заласкавела —

Эх, каб цяпер знайсці,

Дзе ночку пераспаць.

 

Дык вось жа пад карчом

Нара ці лаз, ледзь бачны.

Савось туды залез —

Мароз тут абміне.

Ён штосьці мармытаў у сне,

Заснуўшы смачна,

Ён жонку абдымаў

У тым салодкім сне.

 

І ноч гэта прайшла

Імгненна і нябачна,

Бо кожнаму для сну

Гарэлка, як наркоз.

Працверазей Савось

І пацягнуўся смачна,

І нейкі пах адчуў,

Ажно вярнула нос.

 

Нічога не відаць,

Не разабрацца воку —

Няўжо ў валёнках ён,

Не распрануў кажух,

І спіць на ложку так,

А жонка каля боку?

Ды не! Дае у нос

Зусім не жончын дух.

 

Каго ж я абдымаў?

З кім спаў я, ёлкі-палкі?

Няўжо з суседкай спаў я —

Божа барані.

З кішэні ён дастаў

І чыркануў запалку —

І што ж убачыў ён

У кволенькім агні?

 

Ён ледзь не закрычаў,

Рот сціснуў рукавіцай,

Баяўся удыхнуць

І варушыцца ён.

Такое не магло

І ў страшным сне прысніцца,

І гэта ўсё было

Страшней за страшны сон.

 

О, лепш бы замярзаў

Ён ноччу на марозе,

Чым выпіў і затым

Залез пад гэты дах.

З мядзведзіцай праспаў

Ён ночаньку ў бярозе,

Яе і абдымаў,

Як жонку — сорам, жах!

 

Савось спіхнуў з мазгоў

Падпітасці ашмёткі,

Паціху адпаўзаў

Ён, дыхаючы ледзь.

Мядзведзіцы, напэўна

Прысніўся сон салодкі,

Што абдымаў яе,

Не, не Савось — мядзведзь.

 

І вось ён, родны лес,

І новы дзень, і сонца,

Дахаты крочыць ён

Бадзёраю нагой.

А як цяпер глядзець

Яму у вочы жонцы,

Не можа ж ёй сказаць.

Што ноч праспаў з другой.

 

А праўду ёй сказаць

Пра гэту ноч ля звера,

Пра незвычайны сон

І пра калядны цуд,

Дык засмяе яна,

Дык жонка не паверыць —

Не, моўчкі лепш Савось

Рашыў прыняць прысуд.

20.01.—21.01.2021



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 14. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2021. - 376 с.