epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

«Калгас»

Мы прагнем ранак адгарнуць,

Нібыта новую старонку,

І ў будучыню зазірнуць,

Імчаць за часам наўздагонку.

 

Каб толькі не праспаць чаго,

Не размінуцца, не спазніцца,

Не бразнуцца з жыцця свайго,

Якое, быццам бліскавіца.

 

Як вы падобны, сонца ўсход,

Дзень, вечар, на жыцця прастору.

Як хутка кожны дзень і год

Ад нас спяшаюцца ва ўчора.

 

І мы аднойчы станем ім.

Хоць круцім, круцім дзён педалі,

Як продкі ў часе маладым

Імкнуліся — наўздым, наўздым,

Уперад — і мінулым сталі.

 

О, гэты жах — мінулы час,

Здаецца, з ім мы не хаўрусім,

Мы ж у сучасным. Усё-ткі нас

Ён забярэ у свой «калгас»,

І мы у ім застацца мусім.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.