epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Калі дажыву...

Помню, я раіўся з мамай не раз,

Розным, як кажуць, дурыў галаву,

Штось прапаноўваў, а чуў у адказ:

— Зробім, сынок...

Добра, сынок...

Абавязкова, калі дажыву.

 

Маміны словы здзіўлялі. Яны

Мной успрымаліся ледзь не як жарт —

Як не дажыць да наступнай вясны

Ці да?..

Наперадзе ж рознага шмат...

 

Спраўна над намі падзеі гулі,

Адвіравала й гадоў табала.

Мама даўно ужо спіць у зямлі,

Шмат да чаго яна не дажыла.

 

Што ж, і мяне сёння старасць хіне,

Прага ж да спраў кожны дзень «на плаву».

Штосьці планую, а думка ўва мне

Напамінае — калі дажыву.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.