epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

«Калісьці» ці «рэтра»...

Якія песні ў маладосці мы спявалі!

Якая музыка выхоўвала наш лёс!

Нас уратоўвалі мелодый дзіўных хвалі,

Час мелагучнасці жыццё на крылах нёс.

 

І нічагуткі, што жылі мы не багата,

Што надыходзіла — ў кішэні ні граша.

Але заўсёды песняй поўнілася хата

І ў свет мелодыі імкнулася душа.

 

Адсвяткаваў той час напеўна-дзіўны,

Ды «свята месца» не павінна пуставаць!

І сёння ўжо спяваюць неяк агрэсіўна,

Калі ўсё гэта можна спевамі назваць.

 

Са сцэны глушаць рытмы, крыкі, рыкі, рокі —

Хто ў драных джынсах, хтосьці ў модным «дэфіле».

Крыўлянні, ўціскі і шаманскія падскокі,

А ўжо спявачкі дык амаль што нагале.

 

І раздзіраюць узмацніцелі паветра,

І новы «брэнд» абездухоўлівае нас...

«Калісьці» наша — сёння хрысцяць

словам «рэтра»,

Як ні заві яго, а быў цікавы час.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.