epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Калода картаў

Калода картаў — усе «па росту»,

Тут панібрацтва няма і духу.

Тут будзеш біты даволі проста —

Ніжэйшы «чынам» — трымай па вуху!

 

Калода картаў — жыцця адбітак:

І тут таксама ёсць козыр скрытны.

У аднаго — аж занадта бітак,

Другі, не горшы,— заўсёды біты.

 

І вось прад намі, як на парадзе,

Наперад лезуць з уласнай скуры

Тузы ў навуцы, тузы ва ўладзе,

Тузы ў мастацтве, ў літаратуры.

 

І цень ад гэтых тузоў — усюды,

Яны складаюць сваю кагорту.

А пад тузамі — усе шарплюды,

Другія людзі — другога сорту.

 

І за тузамі не бачна ходу,

Не ладзім сцены — адзін падмурак,

Тасуем, слінім адну калоду,

Зашмальцавалі яе да дзюрак.

 

Калода картаў — не ўсё тут гладка,

Не абысціся тут без канфуза:

Маленькі козыр — валет, дзевятка,

А не баіцца пабіць туза.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.