epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Калючае масла

— І якога ражна трэба майму малаку?! — скардзіцца гаспадыня суседцы.— Збяру смятану — смятана густая, палец не лезе, перакулю яе ў бойку, збіваю-збіваю, каб масельца зрабіць...

— І што? — цікавіцца суседка.

— А нічога! — адказвае гаспадыня.— Адна сыроватка ў бойцы. А куды што дзяецца — дзіва нейкае!

— Нячыстая сіла! — коратка і рашуча робіць выснову суседка.

— Што нячыстая сіла? — уздрыгвае гаспадыня.

— Нячыстая сіла з’ядае тваё масла! Вось што!

— А як гэта яна? — падалася ўсім целам наперад гаспадыня.

— А вельмі проста!.. Ці заходзіла да цябе тая чарнакніжніца?

— А-а... Заходзіла, сядзела, шморгала носам...

— А пра масла была гаворка?

— Пра масла?.. Стаяў у талерцы на стале камячок даўнейшага масла... Яна і паднесла да яго свае падслепаватыя вочкі і залапатала: «Маё ж масла жаўцейшае! Маё ж масла жаўцейшае!..»

— Вось табе і адказ, куды дзяецца тваё масла з бойкі!

— І куды?!

— А туды, што наслала чарнакніжніца нячыстую сілу ў бойку, яна і есць тваё масла.

— Дык што ж рабіць? Я ўжо трэці раз пераводжу смятану на сыроватку.

Суседка пераходзіць на шэпт:

— Па-першае, пахадзі з пустой даёнкай паміж яе пракосаў і адразу ідзі даіць сваю карову. Пяройдзе да цябе малако і ад яе каровы...

— А што далей? — не церпіцца гаспадыні.

— А па-другое, укінь у бойку тры іголкі, а потым выкульвай смятану і збівай масла,— шэпча суседка.

— А іголкі нашто? — здзівілася гаспадыня.

— А на тое, што нячыстая сіла, калі пачне жэрці тваё масла, паколе язык і ўцячэ з бойкі.

— Дзякуй, суседачка, за добрую параду! — з памакрэлымі вачыма выдыхае гаспадыня...

На гэты раз масла і сапраўды згрудзілася ў вялікі жоўты ком, які пагойдваўся не ў сівой сыроватцы, а ў беленькай маслянцы.

Шчаслівая гаспадыня ўрачыста паклала масла на талерку, лыжкай абгладзіла, абкругліла яго, аблізала лыжку і паставіла талерку на сярэдзіну стала. Хацела накрыць ручніком ад мух, але адчыніліся дзверы, і праз парог ступіў брыгадзір.

— О-го-го! Якое масла! — усклікнуў брыгадзір.— А каб да гэтага масла (і брыгадзір пачухаў пад носам), дык і смага б згасла!..

«Прыйдзецца ставіць пляшку,— падумала гаспадыня,— каб яна табе ўпоперак стала!..»

— Дзякуй, што зайшлі!— замітусілася гаспадыня.— Зараз прагонім смагу! Хвіліначку!

Нарэзаўшы сала і хлеба, паставіла на стол пляшку самагонкі і наліла брыгадзіру поўную шклянку.

— А сабе! Кульні, пакуль пішу працадні! — пажартаваў ён.

— І сабе, і сабе, куды ж я дзенуся! — І гаспадыня наліла сабе ў кілішак.

— Ну, будзем! — І брыгадзір, праганяючы смагу, за некалькі глыткоў апаражніў шклянку.

— Сальца бярыце! Сальца! — частуе гаспадыня.

— Не! Я пачну з масельца! Такое жоўценькае і апетытнае, што само ў рот просіцца! — І брыгадзір паклаў на хлеб вялікі кавалак масла. Хлеб з маслам, нібы сом у вір, нырнулі ў брыгадзіраў рот, і яго сківіцы пачалі перамолваць гаспадыніну смакату.

Раптам брыгадзір ускочыў з лавы і зароў:

— Ой, нячыстая сіла! Ой, халера!

— Што?! Што здарылася, брыгадзірка?! — да паўсмерці перапужалася гаспадыня.

Брыгадзір стаяў з шырока разяўленым ротам, з якога даставаў іголку...

Гаспадыня падумала: «Калі ўжо сам брыгадзір зароў «нячыстая сіла», значыцца, з бойкі яна пераскочыла ў брыгадзіраў рот... І дзякуй Богу — самае месца для яе!» — з палёгкай уздыхнула яна.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.