epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Калыханка

Спі, маленькае дзіцятка,

Спі, прыемна ў снах лунаць.

У дзяцінстве больш парадку —

Не спяшайся падрастаць.

 

З кожным годам перамены

Й нас мяняюць і псуюць —

Ненажэрлівыя цэны

Не кусаюць, а грызуць.

 

А пакуль табе не трэба

Ведаць, што і да чаго.

Шлях цяжкі да свайго хлеба

І кутка ў жыцці свайго.

 

Спі, дзіцятка, толькі ў сне ты,

У малечым — вольны птах.

Падрасцеш — і прайдзісветы

Звузяць крылаў вольны ўзмах.

 

Ты — з сям’і сумленнай, шчырай,

У сумленных — лёс цяжкі,

Бо на шалях лёсаў «гіры» —

Бессумленныя праныры

І ўсялякія дзялкі.

 

Падрастай, дзіця, няспешна —

Схопіш ласку ад вярхоў.

Спі, анёлік мой бязгрэшны

Ты з’явіўся ў свет грахоў.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.