epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Калыска мілая

Я не прыняў жыцця дарогу новую.

Яе не зладзіць пад свой густ, хоць млей.

«Учора» й «сёння» сумна параўноўваю

І вынік неўцяшальны: — Што далей?

 

Жыццё пульсуе ў нейкім штучным цыкле.

Жыццё і неадушаўлённасць — жуць!

Няма даўно шызаваронак, зніклі,

Цецерукоў не ўбачыць, не пачуць.

 

І вынішчыў бязлітасны, сучасны

Прагрэс — з лугоў і красак матылькоў.

І чалавек сваёй рукой уласнай

Закрэсліў лепшы твор сівых вякоў —

Кароў рыканне, цоканне падкоў.

 

Жанчын не ўбачыць ля вясковай студні,

І не ўваскрэсіць тут вясковы люд.

Не дзіва — надыходзіць дзень наш судны,

Хаця вядомы нам яго прысуд.

 

О, вёсачка мая, калыска мілая,

У вокнах сум, пахілыя платы,

Як быццам бы ў заўчасную магілу я

Зыходжу, не дажыўшы, а не ты.

 

Балюча бачыць туташнасць тутэйшаму —

Засілле дачаў, вёсак заняпад.

І толькі ў маім сэрцы па-ранейшаму

Яшчэ жыве таго жыцця уклад.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.