epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Каму гэта трэба?

Раскрый, Купала, вочы,

У наша сёння глянь.

Няма больш чорнай ночы,

Чым той, што сёння змрочыць —

Хутчэй, Купала, ўстань!

 

*

Тэатр імя Янкі Купалы

Нагадвае пустку-турму.

Яго нечакана не стала,

Закрыўся ён раптам. Чаму?

 

Пік глупства ці нечых амбіцый

Нязменна ў тупік завядзе.

Спектакляў няма, рэпетыцый

Ў раскіданым гэтым гняздзе.

 

Ну й нумар — трымайся за неба!

Трагізмам за сэрца кране.

Купалаўцы! Вам гэта трэба?

Няўжо беларускасці? Не!

 

Культуру паклалі на шалі —

Яна ў заняпад ці наўздым?

Акцёры каму падыгралі?

Хто не з беларускасцю — тым.

 

Крыж ставіць на роднае мове,

Хто мае на гэта правы?

Не, гэта не глупства, панове,

Больш страшнае творыце вы.

 

100 год вам, а вы, нібы дзеці,

На сцэну пара, як раней.

Шукаю я лішні білецік

Папасці на ваш юбілей.

 

*

Раскрый, Купала, вочы,

У наша сёння глянь.

Няма больш чорнай ночы,

Чым той, што сёння змрочыць,

Хутчэй, Купала, устань!

Верасень 2020 г.


09.2020

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 14. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2021. - 376 с.