epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Канец

Жыццё ў зародку,

Жыцця разбег.

І вось ўахвотку

Жывe наш век.

 

Наш век дваццаты —

Грахоў, спакус,

Жыве прыўзнята,

He дзьме у вус.

 

Hі ценю страху —

Дый ад чаго?

Зямля паўшляху

Прайшла ўсяго.

 

He конь жа ў мыле,

He дзед-гарбень.

Зямля — у сіле,

У поўдні дзень...

 

Кожны з народзін

Між іншым чуў,

Што смерць ніводзін

He абмінуў.

 

Смерць не пужае,

Бяда — брыдзе,

Жыццё ж — шугае,

Жыццё — гудзе.

 

Мы ў гэтым гудзе

Гняздо звілі —

Канца не будзе

Жыццю Зямлі.

 

*

Жыццё заводзіў

Ў канец, ў тупік

Тысячагоддзяў

Махавік.

 

Як і прадказваў

Вучоны свет,

Зямлю прыцягваў

Агмень-сусед.

 

Сусед наш, Сонца, —

Дабро і зло.

Яно бясконца

Расло, расло.

 

Яно старэла,

Бо час цячэ.

Калісьці — грала,

Цяпер — пячэ.

 

Праз слой азону,

Праз тоўшчу хмар

Зямля звышфону

Адчула жар.

 

Жывёла пала,

Палёў няўрод.

Кроў закіпала,

А ў сэрцы лёд.

 

Канца пачатак,

А ў сэрцы — жах.

І ноч, ў дадатак —

Агністы птах.

 

Сонцу не рады

Зямлі народ —

Прайшлі мільярды

Шчаслівых год.

 

Прайшлі ўчыстую,

Нібыта дзень.

І не ратуе

Hі ноч, ні цень.

 

І адмірае

Ўсё пакрысе.

Усё згарае,

Усё і ўсе.

 

Жылі нядбала

З пячор, здаля —

Адшчыравала,

Сваё Зямля.

 

Паўднёвы полюс

Свой гонар меў.

Быў белым колісь,

Ды «аблысеў».

 

Hiбы з разбегу, —

З Зямлі зіма.

Ільдоў і снегу

Нідзе няма.

 

Зямля, як зона,

Пустэчаў пляц

Травы зялёнай

Нідзе — хоць плач.

 

Лясоў шкілеты —

Жax-частакал.

Канца прыкметы

Крычаць вакол.

 

Усохлі рэчкі

З краёў да дна.

Агаркі-свечкі —

Галля сцяна.

 

Жыццём не дыхаў

Ніводны кут.

Агонь успыхваў

To там, то тут.

 

Як чад атруты,

Дымы вакол.

Гарэлі трупы

Людзей, жывёл.

 

Гарэла неба

Й сама Зямля...

О, збегчы б трэба,

Пачаць з нуля.

 

Па ўсіх памінкі —

Няма жывых.

Зямля у абдымках

У сонца — пых!

 

Усё, што пела,

Гуло, цвіло,

Усё згарэла —

Як не было.

 

*

З глыбінь сусвету

(Калі хто ёсць),

Нашу планету

Заўважыў хтось.

 

І ў іх прывычка —

Вачмі да зор:

— Вунь знічка! Знічка!

Ці метэор!

 

Згарэла зданню,

Ўжо не відаць —

Нават жадання

Нe загадаць...

 

Няўцям лірычным

Зявакам тым,

Што шляхам знічным

Ляцець і ім.

 

І ў іх, напэўна,

Штодзень, штогод,

Гучыць напеўна

Жыцця усход.

 

Працяг, здаецца,

Жыцця ў крыві —

He адпяецца,

He аджывецца,

Хоць век жыві.

 

Міргаюць зоркі,

Сузор’еў шмат.

Наш вопыт горкі —

Кату пад зад.

 

Калі хто ўцяміць

Пра лёс Зямлі?

Ці ўскрэсне памяць,

Што мы былі?

 

Канец пачатым

Шляхам зямным —

Часцінка, атам —

З нас кожны ў ім.

 

А час — бясспрэчны

Суддзя-мудрэц:

Нішто не вечна,

Ўсяму канец.

 

*

Светаўтварэнню

Мільярды год.

Яны ж — імгненне,

Ідуць на звод.

 

Гадоў прыбудзе

Тады й таму,

Калі іх будзе

Лічыць каму.

 

Зямлі не стане,

За ёй тады

Летапіс кане

У нікуда.

 

Мы — частка цыклу.

І дзе адказ —

А колькі знікла,

Як мы, да нас?

 

Мо лёс іх знічны —

Для ўсіх закон?..

Маўчыць касмічны

Бязмежны звон.

 

Мы ўсе, як дзеці,

Нас цешаць сны,

Што ва ўсім свеце

Мы — не адны.

 

*

Страшылка гэта

Нас абміне.

Сканчэнне свету

Такое? He!

 

He, так не будзе,

Нават у снах,

Бо самі людзі

Утвораць жах.

 

Хоць з сонца бедства

Да нас плыве,

Ды чалавецтва

He дажыве.

 

Сам чалавеча

Знікне праз час,

Зямля-пустэча

Згарыць без нас.

 

Гучыць набатам:

— Праз колькі год

Ваенны атам

Ашчэрыць рот?

 

І спаліць, знуліць

Ўсё, што было,

І змрок атуліць

Жыцця святло.

 

А што ўсё ж будзе?

Жыцця вянец —

Ніхто...

Бязлюддзе...

Нішто...

КАНЕЦ...


2012

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.