epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Кансерватар

Не стаў я «крутым» і «новым»,

Мы з сённяшнім днём — не радня.

Застаўся душой вясковым,

Не трактар люблю — каня.

 

Не вабіць хаос інтэрнэта,

Агідніць кампутарны клон.

Як быццам ужо канец света

З бяздушшам людскім заручон.

 

Само чалавецтва міжвольна

Дарогу праклала бядзе.

Прагрэс непазбежна, няўмольна

Да самазнішчэння вядзе.

 

Я зжыўся з касой і лугам,

З сякерай і гэблям на «ты»,

Выкройваю спраўным плугам

Удзячнай зямлі пласты.

 

Сябе спадзяваннем цешу,

Што Бог — ад памылак гарант.

Я лепей па-дзедаўску — пешшу,

Чым супертэхнічны мутант.

 

Прабач, самалёт і трактар,

Абрыдлі ваш шум і смурод.

Такі вось я ёсць кансерватар,

І буду да скону год.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.