epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Кантрасты

Цагельныя, нязграбныя катэджы

З усіх бакоў сціскаюць родны кут,

Як таўстапузы пасля тлустай ежы,

З’явіліся дэманстратыўна тут.

 

Іх распірае ад мансардаў, лоджый,

Ад шыку фанабэрацца яны.

І нават маналіты-агароджы

Паўз іх — вышэй Кітайскае сцяны.

 

А тыя, што здароўе загубілі

За многа год калгаснай мітусні,

Сабе і на труну не зарабілі...

І хаткі іх стаяць, як у магіле,—

Гібеюць ля катэджаў — у цяні.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.