epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Капрызнасць

Жыццё — ні роўных рэек каляя,

Перад якой зразаецца узгор’е...

Я думаў, што

капрызны толькі я,

Ды не і не!

Не адстае й надвор’е.

 

Яго не закілзалі мы яшчэ,

Яму, на жаль,

не загадаеш: — Хопіць!

Надвор’е то халодзіць,

то пячэ,

То неўспадзеў засушыць,

то затопіць.

 

Выбрыквае надвор’е,

як на зло,

Калі што робіць —

не ў пару, шкадліва.

Патрэбен дождж,

а неба, нібы шкло.

А ў чэрвені —

яшчэ й мароз на дзіва.

 

О, каб характар мой,

пакуль благі,

Мог паўплываць,

змяніць капрыз пагодны,

Я б стаў, у самы лепшы бок, другі,

Я быў бы памяркоўны і лагодны.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 6. Вершы. Гумарэскі. Паэмы. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 463 с.