epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

«Кар’ерыст»

Ў кар’еры, на БелАЗе я,

Уверх — уніз, прывычна.

І гэта не фантазія,

А факт біяграфічны.

 

Ў кар’еры за БелАЗамі

Цягнуўся дым нязменна.

Я выхлапнымі газамі

Надыхваўся за змену.

 

Губляў неспадзявана я

Кар’ерныя маршруты,

Бо чаша катлаванная,

Як возера атруты.

 

Ён меў крутых дарог сюрпрыз,

Круты кар’ер бяздонны.

Імгненна мог кульнуцца ўніз

БелАз саракатонны.

 

Аднойчы мог і я «нырнуць»,

Ды спахапіўся жыва —

Цягнула за рулём заснуць,

Начамі асабліва.

 

Начная змена — час бяды,

Ў напрузе нас трымала.

Куляўся хтосьці, і тады

Усякае бывала.

 

Што ж, быў я «кар’ерыстам»... Вось...

Дзень-ноч. Ноч-дзень. Запарка.

Ў дадатак, я прапах наскрозь

Мазутам і саляркай...

 

Я сёння зазірну туды,

Ў мінулы час вірлівы.

Туды, дзе быў я малады,

Больш бедны, ды шчаслівы.

 

Я не лайдачыў на зямлі,

Ішоў праз час да мэты.

І ў працы крылы набылі

Мае «ўніверсітэты».



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.