epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

«Карона»

Між намі вірус і не чутна лекаў,

І ад яго «кароны» стыне кроў.

Стаў чалавек баяцца чалавека

І дзеці не наведваюць бацькоў.

 

Ідуць пад штучна створанай «каронай»

Не, не на трон — ў апошні шлях, на жаль.

І кожны перад ёй безабаронны,

І смерць па ўсёй зямлі спраўляе баль.

 

Накрыў планету жах, нібы цунамі,

Вяршыня дзе яго? Дзе глыбіня?

Між марамі, дзяржавамі, між намі —

Нябачная і бачная сцяна.

 

Не раз праходзіў чалавек праз мукі,

І пройдзе зноў праз іх, пакуль жыве...

А вынаходнік пацірае рукі

І носіць вірус новы ў галаве.

28.04.2020


28.04.2020

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.