epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Каса і серп

Застаўся пад застрэшкам

мамін серп,

Сумуе побач

татава каса.

Здаецца мне —

абоім ім няўцерп

Пад сонцам жаць,

касіць, пакуль раса.

 

Ім сніцца поле

ў каласах і луг,

Жаночы смех,

замах у такт мужчын.

Серп і каса

без гаспадарскіх рук

Застылі тут,

нібы без збожжа млын.

 

Даўно ў мінулым

спеў жаночы жней,

І свісту вострых косаў не чуваць.

Без працы серп з касой

і без надзей —

А ім бы працаваць і працаваць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.