epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Касьба

Спакой працягваў сніцца хатам,

Над імі — месяца ражок.

Надосвітку ішлі мы з татам

Касіць між лазняка лужок.

 

Мы з татам недаспалі ў хатцы

Таму, што рупіла хутчэй

Да сонца, да калгаснай працы,

Скасіць надзел — гара з плячэй.

 

Да цемры прывыкала вока,

Спіну пашчыкваў халадок.

А недзе бліскала далёка

Грымела, адпаўзала ўбок.

 

Расой касілася без стомы,

Рот злізваў поту гарчыню.

Мы — як вядучы і вядомы,

Пракосілі насустрач дню.

 

Мы ў такт замахваліся жвава,

Здавалася, што ў наш пракос

Лазняк хіснецца, як атава,

Пад націскам сталёвых кос.

 

Здавалася, што косы косяць

Натхнёна, не шкадуюць сіл.

А ім спрыяе таты постаць —

Сабой трымае небасхіл.

 

Крыху віднела. Неба пільна

Сачыла сцішана ўгары:

А раптам нечае касільна

Зачэпіцца за край зары.

 

Запела птушачка нясмела,

За ёй — астатнія гучней.

Мы сталі праяўляцца — днела,

Курэла пара ад плячэй.

 

Нарэшце дзень раскрыў павейкі

І паглынуў агонь зарніц.

А луг, як сшытак у лінейку,

За намі распластаўся ніц.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.