epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Каталіцкая муха

Ксёндз і поп — дзеці рознае веры,

І да Бога ў іх розныя дзверы —

Праваслаўныя й каталіцкія,

Там — шляхецкія, тут — мужыцкія,

Там — касцёльныя, тут — царкоўныя,

А для Бога — мы ўсе дзеці роўныя.

 

Каб спыніць недарэку-разбурку,

Ксёндз папа запрасіў на гаворку,

Каб у згодзе шукаць разуменне —

Дзе яны, кожнай веры карэнні?

Мо не варта ўсё смеху курынага?

Мо галінкі мы дрэва адзінага?..

 

Працякала гаворка выдатна,

Ксёндз паводзіў сябе далікатна:

Як-ніяк гаспадар — прэч хаўтуру,

Ды і поп налягаў на культуру.

Але й чорт не праспаў свайго часу —

Муха села на ксёндзаву расу.

 

Поп рашыў: знішчу гадаўку енту,

Заадно дагаджу апаненту.

Плясь рукою па ксёндзавым целе:

— Разляталіся тут у касцеле,

Быццам гэта не храм, а балота...

І абцёр даланю:

— Во брыдота!

 

Ксёндз затросся, як лісце асіны,

Стаў чырвоны, як грэбень курыны:

— Ты забіў каталіцкую муху!

Прэч, пся крэў, каб не чуць твайго й духу!

Поп схапіў свае лахі пад пахі

І ад мух іншай веры — за дзверы.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.