epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Каўчэгі творчасці

Усім не дагадзіць ні вершам, ні паэмай,

Ні гумарной, ні трагедыйнай тэмай,

Хоць памірай.

Зласліўцы будуць — хоцьма ці не хоцьма,

І крытыкаў, і «падкалодных» процьма,

Ажно праз край.

 

Чамусьці з даўніны у творчым асяродку

Калегу прагнуць прадзіравіць лодку,

Пусціць на дно.

І хоць пад лодкай акіян-бяздонне,

Акрылены ўзляціць, а не патоне,

Усё адно.

 

Заўжды чытаю вас і цешуся, калегі,

Не лодкі вашы творы, а каўчэгі

У цемры год

Яны ратуюць творчасць і духоўнасць,

У іх заўсёды ўратаваных поўна

З жыццёвых вод.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 14. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2021. - 376 с.