epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Каўказскія пчолы

Пчальнік у Язэпа быў на зайздрасць усёй акрузе. Дваццаць пчаліных сем’яў у аднаго гаспадара — гэта не жартачкі. Як пачне Язэп іх падглядаць — пах мёду стаіць па ўсёй вёсцы, аж у насах казыча. Але аднавяскоўцы, калі сказаць шчыра, толькі і чулі той пах, а каб хто хоць лыжку аблізаў ад таго мёду, дык такога днём з агнём не адшукаеш. Ды што аднавяскоўцы! Сам Язэп, магчыма, толькі лыжку і аблізаў. Чалавек ён быў ціхі, лагодны, паслухмяны, сам, як тая пчолка, працавіты. Але ўся яго праца ішла, як кажуць, кату пад хвост, бо ўсім кіравала, усюды сунула нос яго жонка Тэкля. А дзе ўжо баба кіруе гаспадаркай, там, самі ведаеце, што вырабляецца — ні сабе, ні людзям. Заколе парсюка Язэп, не парсюк, а жарабец, сала на падбрушшы — на даланю, на спіне — на добрую пядзю, дык вось гэтага сала не бачыць ні Язэп, які на хаду ледзь штаны не губляе, ні дзеці. Куды яго Тэкля дзене ці, як у нас кажуць, запыхтара — адзін толькі Бог і ведае. А можа, і ён не ведае, бо такая баба каго хочаш абдурыць. Кажуць, згнівае гэта сала, а вось накарміць сям’ю Тэклі не дазваляе яе скнарнасць.

І з мёдам рабілася таксама нешта дзівоснае. Выпампуе Язэп яго цэлыя місы, поўныя вёдры, здаецца, еш хоць расперажыся. Але як крутнецца ля мёду Тэкля — і слыху пра яго няма. Ды хоць бы ўжо сама Тэкля была баба як баба. А то ні грудзей табе, ні лытак — трэска высахлая, блыха сплюшчаная. Пэўна, і сабе шкадавала яды. А якая ж сварлівая — жах! Да каго хочаш прычэпіцца. А калі ніхто не трапіць ёй пад руку, тады ходзіць і сама сабе нешта крычыць, сама з сабою сварыцца. Суседзі абыходзілі яе за вярсту — каму хочацца на такую скулу нарывацца. А што ж рабіць тым, хто праз дарогу жыве? Тут хочаш не хочаш, а кожны дзень адзін аб аднаго церанешся.

А жыў праз дарогу, брама ў браму, Міхась, які не так даўно вярнуўся з салдатаў. І вярнуўся ён не адзін — прывёз жонку, чарнявую прыгажуню Нону. Служыў Міхась ці то ў Грузіі, ці то ў Асеціі, адтуль, з крайсвету і прывёз сабе палавіну. Дай Бог ім ладу! Вось да гэтай Ноны і стала чапіцца кожны дзень Тэкля, ці, як яшчэ яе звалі,— Язэпіха. Толькі маладая жанчынка ступіць нагой з ганка — Тэкля ўжо тут як тут. Але Нона не звяртала ўвагі на траскатню суседкі, не ведала нашых парадкаў, цярпела — мо так у нас і трэба. Такога нахабства, каб на яе лаянку не рэагавалі, Язэпіха вытрымаць не магла і аднаго дня пусціла ў ход сваю самую моцную зброю — загаліла саромнае месца і, сагнуўшыся, выставіла яго напаказ Ноне. Як і трэба было чакаць, Тэкліна «зброя» сваю справу зрабіла, бо Нона зачырванелася і ўцякла ў хату. Болей яны амаль зусім не бачыліся. Хоць Тэкля і пільнавала сваю пераможаную суседку, але тая пазбягала з ёй сустрэч.

Аднойчы на Міхасёвым агародзе паявіўся вулей, а ў ім — сямейка пчол. Спачатку думалі, што раёк прыйшоў ад Язэпа, але Міхась з гонарам растлумачыў, што гэта пчолы не мясцовыя, а каўказскія, што насы ў іх даўжэйшыя і мёд яны дастаюць з самых глыбокіх кветак. Каб сказаць, што Язэп зайздросціў, дык не. Чалавек ён быў добры і ўсім жадаў дабра. А вось яго жонка страціла спакой. Яна з зайздрасцю глядзела на чужаземных працаўніц — яны здаваліся і большымі, і лёталі хутчэй, і мёду насілі болей.

Калі ж сталі падглядаць кожны свае пчолы, атрымалася, што Міхась ад адной сям’і ўзяў вядро мёду, а ў Язэпа, як хто ўрок,— пустыя рамкі, толькі пчолам на паўзімы і было.

— Гэта яна вінавата! — крычала Тэкля.— Вінавата гэтая нацмэнка! Каб яны паздыхалі, яе даўганосыя чэрці!

— Ціха, Тэкля! Нельга клясці пчолак,— супакойваў Язэп жонку.— Яны ж — боскія стварэнні.

— У цябе ўсе боскія стварэнні, акрамя жонкі,— яшчэ больш усхадзілася Тэкля.

Тут, як на тое ліха, прыйшоў сусед праз хату — Каптур і, як кажуць, з карабля — на баль:

— Чуў я, што каўказскія пчолы — зладзюгі несусветныя. Мёд могуць сцібрыць нават з лыжкі, калі яе ў рот нясеш.

— Во-во! — закрычала Тэкля.— А мой дурань іх боскімі стварэннямі называе. Зладзюгі яны! Я адразачку дапетрыла, што ў Міхася мёд крадзены. Наш мядочак! Яны ж будуць абкрадваць нас кожны год! Дзе ж шукаць рады, Каптурка, суседзе? Парай!

— Ты, Тэкля,— раіць Каптур,— пакажы суседскім пчолам тое месца, якое паказвала Ноне. Яны, гэтыя каўказцы, усе ганарыстыя. Сама расказвала, што Нона ўцякла ад цябе, як ад агню. Думаю, што і пчолы, калі яны з Каўказа, не вытрымаюць тваёй «зброі» і ўцякуць на Каўказ.

Язэпіху ажно падкінула:

— Як гэта я сама не дадумалася?! Зараз! Зараз жа я ўпалю ім штуку! Я ім пакажу, як мёд красці. Век будуць помніць!

Узрушаная жанчына рашуча падалася на суседні агарод. Мужчыны не паспелі і раты раскрыць, як Тэкля ўжо сагнулася ў тры пагібелі каля Міхасёвага вулля і, ляскаючы даланёй па голым целе, крычала:

— Во вам мёд, зладзюгі! Во! Паразрывае вас ад такога мёду! Нюхайце! Ешце!

Каптур ад смеху схапіўся за жывот:

— Ты бліжэй, Тэкля, да лятка! Бліжэй! Дай ім дразда!

З суседніх хат пачалі выходзіць на крык аднавяскоўцы. Але Тэкля нікога не заўважала. Яна ў злосці і азарце наблізіла сваё саромнае месца да самага лятка і галёкала:

— Зладзюгі! Крывапіўцы! Паадсыхаюць вашы доўгія насы ад гэтага мёду! Я вам нюх папсую! Во вам! Во! О! О-о-о!..

Раптам Тэклін крык перайшоў на адно толькі «о», а потым» на «ой» і «ай».

— Ой-ой! А-яй! Ай! — Тэкля, нягледзячы на ўзрост, як маланка пераскочыла цераз плот, бліснуўшы пачырванелым месцам, якім пужала пчол.— Ай! Ой! Дапамажыце! Заядаюць!

Яна перла як шалёная па вёсцы, уздымаючы хмары пылу, пераскокваючы праз яміны і камяні, пакуль, нарэшце, не ўскочыла ў сажалку, дзе і села, айкаючы і ойкаючы.

— Каб табе язык адсох за такую параду! — кляла Тэкля Каптура.

А ён, выціраючы слёзы, крычаў:

— Вылазь, Тэкля, з сажалкі, а то вада закіпіць і рыба зварыцца!

Язэпіха скрыганула зубамі ад болю, злосці і крыўды, але прамаўчала. Першы раз у жыцці.

Болей, кажуць, яна ўжо нікому не паказвала сваёй «сакрэтнай зброі».



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.