epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Казкі-мары

Крывёй сыходзе бык

паціху на карыдзе,

Быў дужы, а цяпер

жыццё спыняе рух...

Зямля праз нейкі час

крывёю-нафтай сыйдзе,

Ўвесь выпампуем газ —

Зямля іспусце дух.

 

А дзе ж нам жыць далей?

Выношваюцца мэты —

(Зноў думкай багацее

дурань, як заўжды)

Мы будзем абжываць

далёкія планеты!

Мы паляцім!

Куды?

У бязмежжа, ў нікуды.

 

Мы высадзім дэсант —

сваіх Адама з Евай,

Каб напладзілі там

такіх жа, як і мы.

За імі дружна ўсе

пакрочым — Левай! Левай!

Вось так вось, без праблем

збяжым з Зямлі-турмы.

 

Ну што ж,хай будзе так,

складана жыць без веры,

Ці ж можа быць жыццё

ад мары у баку?

Мы бачым над сабой

адчыненыя дзверы —

І ўсё ж наш «новы дом»

пакуль што на замку.

 

О як любілі мы

ў сваім маленстве казкі,

Яны для нас былі —

ў чароўны свет акно.

У чалавецтва сёння

праблемаў «пад завязку»,

І ўсё ж без казак-мар

не можа жыць яно.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.