epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Келля

Ні вокнаў, ні дзвярэй,

А толькі сцены й дах —

Я келлю збудаваў

З пустэльніцтва святога.

Я ў ёй, як свет людзей

Пакінуўшы манах,

Цікавіць — анішто!

І аніхто не трэба.

 

Я й без таго аддаў

Пустому шмат жыцця,

Бясслаўна адышлі

Ў нябыт гады-тулягі.

У келлі я адзін,

Са мною — толькі я,

І думкі ломяць столь,

І ломяць дах развагі.

 

За сценамі шуміць

Жыцця няспынны рух,

Усё, як і пры мне,

Як і пасля так будзе.

Я — да яго аслеп,

Я — да яго аглух,

Я — паза рухам тым,

А вы — жывіце, людзі!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.