epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Кемлівы Заяц

Ішоў па лесе галодны Воўк — як ён лічыў, самы галодны Воўк ва ўсім свеце. Ужо некалькі дзён у яго пашчу не трапляла ні крошачкі, ні кропелькі. Шукаў ён, чым бы пажывіцца, як бы ад голаду адкупіцца.

Але лес вялікі, і ў лесе, як вядома, жыве не адзін Воўк. Таму па гэтых жа гушчарынах туляўся другі галодны Воўк. І ён лічыў сябе самым галодным Ваўком ва ўсім свеце, бо і ў яго пашчу не трапляла некалькі дзён ніякая пажыва.

У гэтым жа лесе, акрамя іншай жыўнасці, жыў і Кемлівы Заяц. Ён сядзеў на пяньку і, хоць быў кемлівым, ніяк не мог вырашыць, куды яму спярша бегчы — на грады, дзе расце морква ці на гарод, дзе расце капуста. І хоць гэту смакату садзіў не ён, а людзі ў вёсцы, ды чужое ён лічыў больш смачным, чым сваё.

Каб не вагацца, Заяц сарваў рамонак і пачаў варажыць, адрываючы па чарзе пялёсткі: «морква-капуста, морква-капуста, морква-капуста...»

Не паспеў ён закончыць варажбу, як над самым сваім вухам пачуў:

— Вось каго я зараз з’ем!

Заяц ад нечаканасці выпусціў з лап рамоначку і з жахам заўважыў ля свайго левага вуха раскрытую пашчу Ваўка.

Але ў гэты момант ля другога свайго, правага вуха, пачуў, як рэха, другі рык:

— Вось каго я зараз з’ем!

Паколькі ў Зайца касыя вочы, ён, не паварочваючы галавы, заўважыў адначасова з двух бакоў двух Ваўкоў з разяўленымі пашчамі.

— Стоп, стоп, стоп! — закрычаў Заяц.— Што значыць, адразу, з’ем? Тут трэба раскінуць мазгамі! Я — маленькі Заяц, а вы — вунь якія вялізныя Ваўчыны. Што для вас двух такая мелюзга, як я? Вось аднаму з вас мяне хопіць самы найякраз.

Заяц скасавурыў вочы на першага Ваўка і тыцнуў лапай у яго бок:

— Ты! Менавіта ты павінен мяне з’есці! Толькі ты адзін!

— Чаму ён, а не я? — ажно пырснуў сліной другі Воўк.— Я — самы галодны!

— Не ты, а я — самы галодны! — зароў першы Воўк.— Да таго ж, сам Заяц паказаў на мяне.

— Стоп, стоп, стоп! — зноў усклікнуў Кемлівы Заяц.— тут трэба раскінуць мазгамі!

Ён цяпер ужо скасавурыўся на другога Ваўка і паказаў лапай на яго:

— Я не ведаў, што гэты Воўк — самы галодны. Таму толькі ён можа смела мяне з’есці. Толькі ён!

— Не дам! — ашчэрыўся першы Воўк на другога.— Я — самы галодны!

— Не! Я — самы галодны!

— Я

— Не, я!

— Стоп, стоп, стоп! — развёў у бакі Воўчыя пашчы заяц.— Давайце раскінем мазгамі так: хто з вас самы дужы, той і самы галодны. Яму я і дастануся.

Я сяду на гэты пянёк і буду вашым секундантам, а вы крыху разыдзіцеся і па маёй камандзе кідайцеся адзін на аднаго. Згодны?

— Згодны! — у адзін голас адказалі галодныя Ваўкі.— Давай хутчэй каманду!

Заяц сеў на пянёк, падняў угару лапу і папярэдзіў:

— Кідайцеся адзін на аднаго толькі на лік «тры». Увага! Ра-а-аз... дв-а-а... Тры!

Ваўкі абрынулі адзін на другога ўсю сваю моц, пусціўшы ў ход вострыя іклы. Рык стаяў страшэнны, поўсць разам з пенай ляцела ва ўсе бакі.

Заяц ціхенька саслізнуў з пянька, і са словамі: «І я — самы галодны», падаўся далей ад гэтага небяспечнага месца.

— Куды ж мне кіравацца? Да морквы ці да капусты?

Тут ён раптоўна, нос у нос, сутыкнуўся са сваім лепшым сябрам, Памяркоўным Зайцам, які заўсёды з усім згаджаўся.

— О, вітаю цябе! — радасна ўсклікнуў Памяркоўны Заяц.— Адкуль і куды?

Кемлівы замест прывітання, спытаўся:

— Як ты думаеш, што больш карыснае на сняданак, морква ці капуста?

— Я згодзен есці адразу і моркву, і капусту,— аблізнуўся Памяркоўны.— Я згодзен.

— А я лічу, што самае карыснае і на сняданак, і на абед, і на вячэру — гэта Зайцы! — пачуў Кемлівы Заяц страшэнны рык ля самага вуха. Ён з жахам заўважыў каля сябе аднаго з тых двух галодных Ваўкоў, які, відаць, перамог свайго канкурэнта.

Воўк працягваў злосна хрыпець:

— Я — самы дужы, бо перамог таго галоднага Ваўка. Значыцца, я — самы галодны. І што? Я сабраўся цябе з’есці, а ты збег. Абдурыў нас і знік.— Ён прыціснуў да зямлі сваёй вялікай лапай Кемлівага Зайца: — Цяпер не ўцячэш! Дурных больш няма! Цяпер я

з’ем вас абодвух! — і прыціснуў другой лапай Памяркоўнага Зайца.

Памяркоўны пакорліва апусціў вушы:

— Я згодзен, я згодзен...

— Стоп, стоп, стоп! — запратэставаў Кемлівы Заяц.— Удакладняю: я не збег, а ненадоўга адхінуўся, каб прыйсці да вас вось з ім, з маім сябрам. Праўда, Памярковец?

— Нешта я нічога не разумею, але я згодзен,— прамармытаў Памяркоўны Заяц.

— А навошта ты пабег за сваім сябрам? — пацікавіўся Воўк.— Мне б і цябе аднаго хапіла.

Кемлівы пераканаўча патлумачыў:

— Я падумаў, а раптам вы абодва аднолькава дужыя і ў вас атрымаецца нічыя, каму тады з вас было б есці мяне? Вось я і вырашыў, што кожны з вас заслугоўвае па зайцу.

— Талкова! — згадзіўся Воўк.— Ну, а цяпер мне час снедаць.

І ён раскрыў ікластую пашчу, збіраючыся з’есці сваю ахвяру.

— Стоп, стоп, стоп! — страпянуўся пад Воўчай лапай Кемлівы Заяц.

— Што яшчэ? — незадаволена прахрыпеў Воўк.

— А тое,— пачаў выкручвацца хітрун,— што тады вас было двое, а я адзін, а цяпер наадварот, ты адзін, а нас двое.

— І што з гэтага? — не зразумеў Воўк.

— Вы тады спрачаліся, каго ты першым павінен з’есці. Я згодны быць першым, бо гэта — пачэсна, але ж і мой сябар жадае на першае месца.— Ён павярнуўся да Памяркоўнага: — Ты ж хочаш быць першым?

— Я згодзен, я згодзен...— выдыхнуў Памяркоўны Заяц.

— Тут трэба раскінуць мазгамі! — насядаў на Ваўка Кемлівы.— Мы патрабуем справядлівасці — ніхто з нас не жадае быць другім. Паважай нашы правы!

Воўк завагаўся і перастаў прыціскаць лапамі зайцоў да зямлі.

— Яно так... А як нам гэту справядлівасць усталяваць?

— А вельмі проста! — ажывіўся Кемлівы Заяц, адчуўшы з боку Ваўка паслабленне.— Ты садзіся вось на гэты пянёк і будзеш нашым секундантам, а мы, па тваёй камандзе лупянём з усіх ног ву-у-унь за той пагорачак, там акруцімся і прыімчым зноў да цябе. Хто прыскача першым, таго ты першага і з’ясі. Ну як?

— Талкова! — згадзіўся Воўк.— Толькі без маёй каманды не стартуйце. Пачынайце бегчы на лік «тры». Згодны?

— Яшчэ як згодны! — адказалі адначасова два сябрукі.

— Воўк сеў на пянёк, узняў угару лапу і папярэдзіў:

— Увага! Ра-а-аз, два-а-а, тры!

Памяркоўны і Кемлівы Зайцы так сіганулі з месца, што толькі хвосцікі іх замільгалі і зніклі за пагоркам.

— Ха-ха-ха! — зарагатаў задаволены Воўк.— Во стараюцца! Кожны хоча быць першым... Цікава, хто ж з іх пераможа?

Доўга чакаў Воўк свай сняданак, а Зайцоў усё не было і не было.

— Дзе яны забавіліся? — абурыўся ён.— Паўзуць там за пагоркам, як чарапахі...

Але прайшоў час снеданка, мінуў час абеду, надыйшоў час вячэры, а галодны Воўк цярпліва сядзеў, глытаючы слінкі.

Не будзем яму перашкаджаць.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.