epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Кітайскі жэньшэнь

Прыехаў сын на адпачынак да сваіх старых бацькоў у вёску з Далёкага Усходу і, выклаўшы ўсе падарункі, урачыста кажа:

— А вось гэта — вялікая каштоўнасць на ўсім свеце! — І дастае маленькую бутэлечку.— У гэтай шкляначцы — жэньшэнь, які надае сілу знямоглым людзям і ледзь не вяртае маладосць! Вы — людзі сталага веку, спрацаваныя, вам ён неабходны!

— Дзякуй, сынок, але не буду я піць усякую бурду! — адказала маці.— Кратаюся яшчэ сваімі сіламі, і хвала Богу! Вось ён,— і маці паказала на бацьку,— ён ледзь ногі цягае, сапраўды, выпрацаваў усё, што мог...

Бацька ўзяў дрыготкаю рукой шкляначку, пакруціў яе ля самага носа і здзівіўся:

— У такой малюпусьцы, кажаш, вялікая моц! А што з ёй рабіць, з гэтай, як кажа старая, бурдой? Тут жа яе толькі на кончык языка.

— Настойку жэньшэню, тата, прымаюць па дваццаць кропель з вадой — яе такім чынам надоўга хопіць,— тлумачыць сын.— Гэта — кітайскі корань жыцця!..

І пачаў дзед прымаць кожны дзень цудоўнае зелле.

Праз тыдзень стары па сакрэту шэпча сыну:

— Што ж ты, сынок, нарабіў? Навошта прывёз гэту гадасць?

— А што, тата? — занепакоіўся сын.— Не прымае арганізм ці шкодзіць ён табе?

— Горш, чым ты думаеш, сын! Не ведаю, як і сказаць, але і маўчаць няма моцанькі...

— Дык што, тата?!

— А тое, сынок, што не магу болей глядзець на старую...

— На маму? — здзівіўся сын.— Чаму? Вы што, пасварыліся?

— Спрацівела раптоўна яна мне! Маладыя з галавы не вылазяць... Вось табе і бурда! — выціснуў з сябе стары.

Сын разгубіўся:

— Ды ты жартуеш, тата... Жыццё дажываеце з мамай і — на табе! Штосьці тут незразумелае... Выкінь глупства з галавы!

— Спрабаваў, сынок, не атрымліваецца... Сэрцу не загадаеш!

Сын зразумеў, што звяртацца да вясковага фельчара мала карысці, ды і смецце выносіць з хаты не хацеў. Таму ён хуценька сабраўся і падаўся ў горад, дзе ў платнага псіхолага можна нават ананімна атрымаць і кансультацыю, і дапамогу.

— Правільна, што звярнуліся да мяне! — падбадзёрыў псіхолаг.— Старыя горш за дзяцей, калі што ўбілі ў галаву, цяжка іх ратаваць.

— А што рабіць? Як усё ж ратаваць тату і захаваць сям’ю? — не знаходзіў месца сын.

— Тут неабходна выкарыстаць нетрадыцыйны метад лячэння,— разважае псіхолаг,— бо словы, перакананні тут не спрацуюць.

— А што? А як? — не пераставаў хвалявацца сын.

— Вось вам бутэлечка найлепшых лекаў! Няхай бацька перад самай сустрэчай з нейкай там маладзіцай вып’е гэта залпам. Падчас гаворкі з той маладой асобай ці нейкіх там амурчыкаў ён адчуе, ці сумяшчальны яго арганізм з арганізмам маладой.

— Ды я не магу такога нават уявіць, не тое што дазволіць тату! — кіпяціцца сын.

— Вы, шаноўны, астыньце! — рашуча настойвае псіхолаг.— Калі ўжо звярнуліся да мяне — выконвайце ўсе мае прадпісанні! Калі вам гэта дужа непрыемна, падрыхтуйце, скажам, падстаўную кабеціну для эксперыменту. Ваш бацька гэтага і ведаць не будзе... а вы назірайце за яго рэакцыяй.

— Не ведаю,— разгубіўся сын,— метад нейкі дзіўны...

— Я ж вас папярэдзіў — метад нетрадыцыйны... Вось, вазьміце лякарства і не хвалюйцеся, ваш бацька хутка ачысціць душу... і не толькі яе...

Сын няўпэўнена ўзяў бутэлечку і паклаў у кішэню, не падазраючы, што гэта звычайная рыцына, але паскоранага дзеяння.

— А як звычайна рэагуе стары арганізм на гэтае знакамітае лякарства? — працягваў непакоіцца сын.

— Пасля гэтага, без выключэння... ды вы ўбачыце самі! — І псіхолаг моцна паціснуў руку заклапочанаму кліенту.

Наступным днём сын завітаў да бацькавай суседкі — маладой і прыгожай удавы.

— Калі вы не супраць,— просіць сын,— мы з татам зойдзем да вас пасядзець ды пагутарыць...

Маладая жанчына ўспрыняла гэта па-свойму: чаму б не «закадрыць» прыгожага далёкаўсходніка? Бацька ж толькі як прыкрыццё,— вырашыла яна і згадзілася.

— Тата,— звярнуўся сын да старога,— вось табе яшчэ мацнейшае лякарства, якое беспамылкова зарыентуе твой арганізм і падкажа, як сябе паводзіць з маладымі асобамі.

— А ты якую маладую асобу маеш на ўвазе? — пацікавіўся бацька.

— А далёка хадзіць не трэба! Наша суседка хоча цябе бачыць і чакае ў госці.

— Яна?! — ажно прысеў дзед.— Яна ж у тры разы маладзейшая за мяне!

Сын развёў рукамі:

— Сэрцу, тата, не загадаеш, сам гэта казаў...

— Дык дзе другое лякарства? Давай яго хутчэй! — забірала старога нецярпенне.— І тлумач, як яго прымаць — зноў па дваццаць кропель?

— Не, тата, гэта неабходна выпіць усё залпам перад дзвярыма маладзіцы.

— Для храбрасці ці для чаго? — удакладняе стары і кладзе бутэлечку ў кішэню.

Сын разважае далей:

— Я спачатку хацеў ісці з табой, тата, але навошта я буду вам перашкаджаць! Будзь ужо што будзе!

І стары бадзёра пакрочыў праз вуліцу.

— Куды гэта бацька падаўся? — спыталася ў сына маці,— палуднаваць час, а ён з хаты.

— Мабыць, мы будзем есці сёння без таты,— адказаў сын і прыкусіў ад крыўды губу, а сам падумаў: «Добра, калі толькі сёння...»

А дзед тым часам бадзёра падышоў да запаветных дзвярэй і за некалькі глыткоў апаражніў праз рыльца бутэлечку з новым лякарствам. Крактануў, як ад гарэлкі, і, пастукаўшыся, пераступіў парог.

— Наша маладзецкае прывітанне ў хату! — зычна гукнуў дзед.

— Ой, заходзьце, калі ласка! — праспявала ўдава.— А чаму ж без сына? Я падрыхтавалася, прыладзілася... А ён што, пазней падыдзе?

— А пры чым тут сын? Без мелюзгі месца мала! — бадзёрыцца далей стары.

— А-а, дык сын перадаў толькі сваё маладзецкае прывітанне? — не хавала расчаравання кабеціна.

— Чаму яго прывітанне? Маё прывітанне! Маё-ё. О-ё! — І дзед раптоўна схапіўся за жывот, у якім штосьці забулькацела і заскавытала на розныя галасы.— Ай-яй! Якія рэзі! — Дзед дробненька затупаў на месцы, не ведаючы, куды кінуцца.

У жываце з новай сілай завурчала і зараўло. Стары выбіў ілбом дзверы і панёсся па вуліцы, нібы выскачыў з полымя. Крыху не даляцеўшы да сваёй хаты, спыніўся, трымаючыся за жывот. Бегчы далей не было сэнсу...

На ганак выйшла жонка:

— Дзе ты цягаешся не ў пару? Яда на стале стыне — заходзь у хату!

Дзед сумна махнуў рукой і паволі паклыпаў за хлеў, адкуль доўга не выходзіў.

Вечарам шэптам пытаецца сын у бацькі:

— Ну, тата, якая рэакцыя твайго арганізма на маладых кабет?

Бацька, замест адказу, вярнуў сыну бутэлечку з коранем жыцця:

— На, сын, твой хвалёны жэньшэнь! Абдурылі кітайцы і цябе і мяне — гэта сапраўды несусветная бурда!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.